У «Маршы еднасці» ў Віцебску 6 верасня ўзялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Яшчэ да пачатку шэсця на прыпынку насупраць абласной бібліятэкі міліцыянтамі быў затрыманы мужчына з бел-чырвона-белым сцягам. Далей міліцыя некалькі разоў перакрывала шлях калоне маніфестантаў. Тры ці чатыры чалавекі былі затрыманыя каля «сіняга дому», калі пратэстоўцы паспрабавалі прарваць міліцэйскі ланцуг і выйсці на вуліцу Леніна.
Самая жорсткая сутычка паміж маніфестантамі і міліцыяй адбылася пазней на вуліцы Праўды.
Як сцвярджаюць удзельнікі, гвалтоўныя дзеянні былі справакаваныя міліцыянтамі, якія цішком спрабавалі выхватваць пратэстоўцаў з хвасту калоны. Людзі пачалі бараніць і адбіваць затрыманых. Падчас бойкі міліцыянты ўжылі балончыкі з пярцовым газам.
Усяго 6 верасня ў Віцебску былі затрыманыя дзясяткі чалавек. Міліцыянты ў цывільным паасобку затрымлівалі людзей і пасля заканчэння акцыі. Як мінімум, 13 з іх змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ), дзе 7 верасня над некаторымі з іх адбыліся выязныя суды. Асобы затрыманых і іх агульная колькасць удакладняюцца.
Зміцер Міраш