26 кастрычніка суд Віцебскага раёну прызнаў даказаным віну Марыі Волкавай у правядзенні несанкцыянаванага пікетавання 26 верасня ў вёсцы Лучынаўка з 2 да 4 гадзін ночы. Для гэтага суддзі Міхаілу Зубені спатрэбілася тры судовыя паседжанні. Супраць Марыі Волкавай і Андрэя Кулакова было выстаўленае абвінавачанне паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП. Справа ў дачыненні да Кулакова была спыненая.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў на 6 базавых велічынь 19-гадовую навучэнку каледжу Марыю Амасовіч, якая ад 20 кастрычніка знаходзіцца ў СІЗА. Нягледзячы на такое рашэнне, з ізалятару дзяўчыну не выпусцілі: яе зноў затрымалі па новых пратаколах. Марыя застанецца за кратамі да панядзелка.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 21 кастрычніка пакараў штрафам у памеры 24 базавыя велічыні віцяблянку Наталлю Перунову. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле «у несанкцыянаваных вулічных шэсцях» 6 і 23 верасня. Жанчына працуе на прадпрыемстве «Віцебскаблсаюздрук», прадае газеты ў шапіку, яе заробак у два разы меншы за прысуджаны штраф.

20 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску суддзя Міхаіл Юрчанка, вывучыўшы матэрыялы адміністрацыйных справаў сяброў-пенсіянераў Анатоля Мацьвеева і Аляксандра Нікіценкі, пастанавіў вярнуць матэрыялы ў РАУС для выпраўлення дапушчаных недахопаў.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 20 кастрычніка адправіў справу Вячаслава Лазарава, абвінавачанага ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч.2 арт 22.9 КаАП), на дапрацоўку. Адміністрацыйную справу разбіраў суддзя Ілля Белавус.