Суд Полацкага раёна і горада Полацка 4 лютага вынес прысуд па крымінальнай справе, узбуджанай па факце апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэкса). Абвінавачаныя – Вольга Трунова і Святлана Фірсава.
Справу разглядаў суддзя Віктар Баліко.
Па матэрыялах абвінавачання, у перыяд з 13 па 30 лістапада 2020 года, Фірсава і Трунова неаднаразова, з выкарыстаннем балончыкаў з фарбай чырвонага і белага колераў, наносілі надпісы і б-ч-б выявы на слупах электраперадач, дрэвах, лаўках на прыпынках транспарту, асфальце. Таксама яны расклейвалі лісты паперы з чырвонай палоскай на белым фоне. Усё гэта – “сімволіка, якая выкарыстоўваецца ў незаконным пратэстным руху”.
У ходзе следства Святлана Фірсава сваю віну прызнала часткова, адмовілася прызнаць свой удзел у расклейванні налепак, следству не дапамагала.
Абвінавачаная Трунова давала паказанні больш дэталёва і паслядоўна.
У ходзе судовага следства былі дапытаныя сведкі
Старшыня Ветрынскага сельсавета Аляксей Лупач распавёў, як заўважыў шмат наклееных на слупах лістоў з чырвонай палоскай, якія, на яго думку, былі створаныя ўручную.
Сведка Кудраўцаў паказаў у судзе, што яму тэлефанавала Фірсава і казала аб тым, як яна з нейкай дзяўчынай клеілі налепкі. Яго паказанні падцвярджаюцца раздрукоўкай тэлефонных злучэнняў Фірсавай за гэты час.
Сведка Хуцкі распавёў пра сваю перапіску ў тэлеграме з Фірсавай, якая запрашала яго пайсці “похудожничать и похулиганить”.
Пракурор таксама звярнуў увагу на надпісы па вуліцы Леніна ў Полацку “Не забудзем – не простим» і “Жыве Беларусь!”, якія былі нанесеныя па адной тэрытарыяльнай лініі з расклеенымі налепкамі, што на яго думку сведчыць аб дзеяннях адных і тых жа асоб.
“Яны цудоўна разумелі, што робяць і хачу асобна падкрэсліць, што гэтая сімволіка выкарыстоўвалася пад час Вялікай Айчыннай вайны пасобнікамі нямецкіх акупантаў. Яны зняважылі старажылаў, якія памятаюць вайну і якіх шмат пражывае ў раёне… У гэтым асаблівы цынізм такіх дзеянняў", - казаў у судзе пракурор.
Змякчальнымі віну абставінамі пракурор назваў кампенсацыю матэрыяльных страт сельсавету ў суме 20 рублёў, якія былі сплочаныя абвінавачанамі салідарна.
Суд пастанавіў прызнаць жанчын вінаватымі і прызначыць пакаранне:
Святлане Фірсавай – штраф у памеры 200 базавых велічынь;
Вользе Труновай – штраф у памеры 190 базавых велічынь.
Такім чынам, супрацоўніцтва са следствам судом было "ацэнена" ў 10 базавых.