Падчас судовага следства было ўстаноўлена, што у жніўні 2021 году Юры Свіцын, знаходзячыся ў Барані Аршанскага раёну, з дапамогай мабільнага тэлефона Xiaomi Redmi 7A са свайго ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» размясціў абразлівы каментар на адрас пракурора Міхаіла Пацеева. Нібыта гэта была помста пракурору за тое, што раней ён у грамадскім месцы спыніў супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага.
У судовым паседжанні мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся ва ўчыненым.
Суд палічыў віну дубровенца даказанай і, кіруючыся арт. 369 КК РБ, прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады са штрафам 100 базавых велічынь, прызначыў таксама абвінавачанаму прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Таксама суддзя пастанавіў спагнаць са Свіцына на карысць пракурора Пацеева кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў і канфіскаваць тэлефон абвінавачанага ў даход дзяржавы.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Віталь Кажух