Такое нечаканае разьвіцьцё атрымала спроба віцебскага праваабаронцы дамагчыся праз суд мажлівасьці выступіць у этэры тэлеканалу «Беларусь-1», каб абвергнуць зьвесткі, што калісьці прагучалі ў перадачы «Клюб рэдактараў», у якой давалася нэгатыўная ацэнка дзейнасьці праваабаронцаў. Павал Левінаў як праваабаронца палічыў, што вядоўцы тэлеперадачы сваімі выказваньнямі зьняважылі яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.
Першамайскі райсуд Менску, куды Левінаў зьвярнуўся, вызначэньнем судзьдзі Настасьсі Рагачэўскай адмовіў яму ў распачынаньні грамадзянскай справы. Але абурэньне праваабаронцы выклікаў найперш ня сам факт вынясеньня такога вызначэньня, а тое, калі і ў якім выглядзе ён яго атрымаў.
Копія вызначэньня была дасланая Паўлу Левінаву поштай толькі праз 14 дзён пасьля яго вынясеньня, што зьяўляецца парушэньнем тэрміну, вызначанага заканадаўствам. Больш таго, яна была дасланая без суправаджальнага ліста.
«Адсутнасьць суправаджальнага ліста, які падлягае рэгістрацыі ў журнале выходнай карэспандэнцыі суду, і накіраваньне копіі вызначэньня суду праз два тыдні пасьля яго вынясеньня дае ўсе падставы меркаваць, што вызначэньне вынесенае заднім днём», – выказаў сваё меркаваньне Павал Левінаў у сваім звароце «Аб вакханаліі ў судзе Першамайскага раёну г. Менску».
«Падчас праведзенай праверкі выяўлена, што довады пра несвоечасовае накіраваньне копіі вызначэньня суду… знайшлі сваё пацьверджаньне… Прыцягнуць да адказнасьці работніка суду, які дапусьціў несвоечасовае накіраваньне гэтага вызначэння без суправаджальнага ліста, не ўяўляецца магчымым у сувязі зь яго звальненьнем. Разам з тым паведамляецца, што кіраўніцтвам суду Першамайскага раёну г. Менску прынятыя меры арганізацыйнага характару па недапушчэньні падобных парушэнняў у далейшай працы суду», – такі вынік разгляду звароту Паўла Левінава Менскім гарадзкім судом.
А што ж наконт прэтэнзіяў праваабаронцы да Белтэлерадыёкампаніі, праз што каша заварылася? Павал Левінаў падаў у Менскі гарадзкі суд прыватную скаргу на вызначэньне судзьдзі суду Першамайскага раёну Менску Настасьсі Рагачэўскай аб адмове ў распачынаньні грамадзянскай справы. Дык што працяг будзе…