Панядзелак, 25 Студзень 2021

Фермер з Гарадоччыны Віктар Быкаў адседзеў 10 сутак за сцяг, узняты на падворку

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Фермер Віктар Быкаў Фермер Віктар Быкаў

4 студзеня ўладальнік сялянскай фермерскай гаспадаркі «Плавь» Віктар Быкаў з невялікай вёскі Канашы быў прыцягнуты да адказнасці паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП. Гарадоцкі раённы суд пакараў 54-гадовага фермера адміністрацыйным арыштам на 10 сутак за ўзняты на падворку бел-чырвона-белы сцяг.

Як распавёў Віктар Быкаў, у канцы лістападу на знак салідарнасці са зняволенымі ўдзельнікамі масавых пратэстаў ён узняў над уласнай сядзібай бел-чырвона-белы сцяг. Палотнішча прычапіў на канец даўгога драўлянага шаста. Відаць было здалёк. Правісеў сцяг да 3-га студзеня.

«Здавалася, вісеў, нікому не замінаў. Аднак, відаць, нехта падказаў. Трэцяга студзеня прыехалі міліцыянты. Мяне ўдома не было, працаваў. Пакінулі позву на вечар, а гэта была нядзеля. Відаць па ўсім, вельмі карцела мяне забраць, бо прайшліся нават па суседзях, распытвалі, ці вяду агітацыю. Паехаў сам у той жа дзень, дый на 10 сутак там і застаўся», – расказаў Віктар Быкаў.

Суд адбыўся 4 студзеня. Быкаў на працэсе шчыра распавёў, што вывесіў сцяг на знак пратэсту супраць парушэння Канстытуцыі, фальсіфікацыі выбараў, супраць гвалту і беззаконня, якое запанавала ў краіне. Удакладніў, што сцяг вісіць ужо больш за месяц.

Суддзя Ганна Гурынава прызнала Віктара Быкава вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства (палічыла сцяг над сядзібай несанкцыянаваным пікетаваннем) і пакарала 10-дзённым адміністрацыйным арыштам.

Віктар Быкаў паставіўся да такога пакарання па-філасофску:

«Меркаваў, абыдзецца штрафам. Не чакаў прысуду на дзесяць сутак, але сказалі, што па-іншаму ніяк. Можна было ці нельга, але факт такі. Ну, і добра!»

С. Горкі