Панядзелак, 25 Май 2020

Другі штраф прысудзілі віцяблянцы Дар’і Юрчанка. Цяпер – за інтэрвію Ціханоўскаму

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Дар'я Юрчанка Дар'я Юрчанка

25 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску судзьдзя Юры Урбан разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да віцяблянкі Дар'і Юрчанка. Дзяўчыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 23.34 КаАП) і аштрафавалі на 25 базавых велічыняў.

Гэта ўжо другі штраф, які жыхарка Віцебску атрымала цягам месяца. 18 траўня Дар'ю аштрафавалі на 540 рублёў за кармленьне галубоў (судзьдзя Алена Цыганкова).

Згодна з адміністрацыйным пратаколам, Юрчанка 30 красавіка ў загадзя вызначаным месцы ля будынку «Марка-сіці» парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Яна нібыта актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаваньні, выказвала свае грамадзка-палітычныя погляды ў інтэрвію блогеру Сяргею Ціханоўскаму. У далейшым відэаматэрыял быў разьмешчаны на ютуб-канале «Страна для жизни».

Сваёй віны ў судзе дзяўчына не прызнала і ад усялякіх тлумачэньняў наконт выстаўленага абвінавачваньня і сваіх дзеяньняў падчас сустрэчы з Ціханоўскім адмовілася.

“25 базавых – гэта вялікая сума для нашай сям’і. Адразу і не заплаціш. Я ня ведаю, дзе грошы на ежу ўзяць, хаця кожны дзень працую, а тут яшчэ штрафы аплочваць. Але ж ёсьць артыкул Канстытуцыі, які дае людзям права на свабоду слова і забясьпечвае свабоду сходаў”,  – сказала пасьля суду Дар’я Юрчанка.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.