Панядзелак, 02 Снежань 2019

Судзяць экс-кіраўніка Браслаўскага райвыканкаму – ён адмовіўся ад яўкі з павіннай

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У панядзелак 2 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы, распачатай супраць экс-старшыні Браслаўскага райвыканкаму Уладзімера Дранеўскага і ягонай жонкі Алены. Дранеўскі абвінавачваецца па сямі артыкулах Крымінальнага кодэксу, Алена Дранеўская – па чатырох. Старшынюе на працэсе судзьдзя Ігар Макарэвіч.

Уладзімера Дранеўскага абвінавачваюць па ч.ч.1, 2, 3 арт.430 (Атрыманьне хабару); ч.3 арт.426 (Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў); ч.1 арт.209 (Махлярства); ч.5, 6 арт.16 (Саўдзел у злачынстве); ч.2 арт.431 (Дача хабару); ч.ч.2, 3 арт.210 (Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі); ч.2 ст.235 (Легалізацыя («адмываньне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам).

Алене Дранеўскай інкрымінуецца ч.3 арт.426 (Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў); ч. 6 арт.16 (Саўдзел у злачынстве); ч.2 арт.210 (Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі); ч.2 ст.235 (Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам).

Уладзімер Дранеўскі працаваў на пасадзе старшыні Браслаўскага райвыканкаму са студзеня 2015-га да чэрвеня 2018 году. Алена Дранеўская на сваёй пасадзе кіраўнічкі аддзелу эканомікі падпарадкоўвалася свайму мужу. Такое становішча спрыяла злоўжываньню службовымі паўнамоцтвамі і парушала заканадаўства, бо, згодна з «Законам аб дзяржаўнай службе», муж і жонка ня могуць займаць кіроўныя пасады ў адным райвыканкаме.

Перад сваім прызначэньнем у Браслаў Дранеўскі пяць гадоў (2010-2015) адпрацаваў дырэктарам Чашніцкага ЖКГ. У той час ягоная жонка працавала начальнікам аддзелу эканомікі Чашніцкага райвыканкаму.

Дранеўскі заявіў пра псыхалягічны ціск

На судзе Уладзімер Дранеўскі выступіў з хадайніцтвам лічыць сваю яўку з павіннай і паказаньні, дадзеныя на папярэднім сьледзтве, несапраўднымі.

Абвінавачаны сьцьвярджае, што свае паказаньні ў ходзе сьледчых дзеяньняў даваў пад ціскам. Заявіў, што праваахоўнікі падчас сьледзтва казалі яму пра дрэнны псыхічны і фізычны стан ягонай жонкі, а наўзамен прызнальных паказаньняў абяцалі зьмяніць ёй меру стрыманьня.

Як лічыць падсудны, неправамерна таксама зацягваліся і тэрміны сьледзтва. Сьледчыя дзеяньні праводзіліся толькі непасрэдна перад працягам тэрміну ўтрыманьня пад вартай.

«Злачынная дзейнасьць пачалася яшчэ ў Чашніках»

Паводле абвінавачаньня, Дранеўскі зьдзейсьніў шэраг наўмысных злачынстваў яшчэ ў Чашніках. У прыватнасьці, займаючы пасаду дырэктара ЖКГ, дзейнічаў у інтарэсах мясцовых і віцебскіх прадпрымальнікаў, спрыяў станоўчаму вырашэньню пытаньняў, якія ўваходзілі ў яго кампэтэнцыю. За гэта атрымліваў грашовае ўзнагароджаньне (хабар) – пэўны адсотак ад кошту зьдзелкі паміж ЖКГ і прадпрымальнікамі.

Матэрыялы справы ўтрымліваюць дзясяткі выпадкаў злоўжываньня Дранеўскім службовым становішчам.

Працуючы на пасадзе кіраўніка Браслаўскага раёну, ён сыстэматычна выкарыстоўваў службовую залежнасьць кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, структурных падразьдзяленьняў райвыканкаму, распарадчых і выканаўчых органаў Браслаўскага раёну. Дранеўскі даваў ім незаконныя загады аб набыцьці маёмасьці ці вырабе рэчаў за іх жа кошт і перадачы гэтай маёмасьці ці рэчаў яму на бязвыплатнай аснове.

Ад «Напалеонаў» да буракоў

Паводле сьледзтва, у выніку такіх супрацьпраўных дзеяньняў ён бязвыплатна і без афармленьня дакумэнтаў за кошт сродкаў прадпрыемстваў неаднаразова запраўляў дызпалівам уласную машыну, атрымліваў транспартныя паслугі па перавозцы матэрыяльных сродкаў з Браслава ў Чашнікі, ня менш пяці разоў рабіў сэзонную замену шынаў.

Змушаў кіраўнікоў раённых арганізацый набываць для яго мэблю, мабільныя тэлефоны, нават адзеньне і абутак.

На адным з раённых прадпрыемстваў для яго вырабілі бясплатна прычэп для перавозкі лодкі. Неаднаразова, за кошт аднаго з прадпрыемстваў харчаваньня, Дранеўскі атрымліваў тарты «Напалеон», фаршаваных шчупакоў, моркву, буракі. А таксама – каньяк і каву.

«Дыскрэдытаваў выканаўчую ўладу»

Як зазначыў пракурор, сваімі дзеяньнямі Дранеўскі нанёс шкоду дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, дыскрэдытаваў і падарваў аўтарытэт займанай пасады.

«Ягоныя дзеяньні спрыялі фармаваньню ў грамадзтве ўяўленьня аб усёдазволенасьці прадстаўнікоў выканаўчай улады», – сьцьвердзіў дзяржаўны абвінаваўца.

Гэта толькі частка доўгага пераліку здабытых сьледзтвам эпізодаў. Для абвяшчэньня ўсіх фактаў, па якіх былому кіраўніку прад’яўленыя абвінавачваньні, ранішняга паседжаньня не хапіла. Слуханьні працягнуліся пасьля перапынку.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.