Абвінавачаным – 17, 18 і 20 гадоў. Паводле дадзеных сьледзтва, 22 красавіка 2019 году маладыя людзі гасьцявалі ў свайго знаёмага ў Полацку, расьпівалі алькагольныя напоі. У нейкі момант узьнікла сварка, падчас якой госьці моцна зьбілі гаспадара, а каб схаваць сьляды злачынства – закапалі ягонае цела на двары дому. Скраўшы каштоўныя рэчы – зьніклі. Двое зь іх былі затрыманыя па гарачых сьлядах. Трэці, 20-гадовы мужчына, пасьпеў зьехаць у Расею, але пазьней быў таксама затрыманы ў Маскоўскай вобласьці.
Згодна з вынікамі судова-мэдычнай экспэртызы, сьмерць пацярпелага наступіла “ад мэханічнай асфіксіі ў выніку закрыцьця дыхальных шляхоў грунтам і ад адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы”. Гэта сьведчыць пра тое, што мужчына папросту быў пахаваны жыўцом і задыхнуўся.
Сьледчыя паведамлялі таксама, што ў стаўку, непадалёку ад месца забойства, была знойдзеная рыдлёўка, якой падазраваныя ня толькі капалі яму, але да гэтага і зьбівалі пацярпелага.
Дзеяньні 18- і 17-гадовага абвінавачаных кваліфікаваныя паводле ч.3 арт. 207 (разбой, учынены з пранікненьнем у жыльлё, групай асобаў, з прычыненьнем цяжкіх целавых пашкоджаньняў) і ч.2 арт. 139 (забойства, учыненае з асаблівай лютасьцю, спалучанае з разбоем, учыненае групай асобаў). Абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай.
Справу трэцяга фігуранта (20-гадовага абвінавачанага) вылучылі ў асобнае судаводзтва. Ён прыцягнуты ў якасьці абвінавачанага на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Вырашалася пытаньне аб яго экстрадыцыі, паведамляла раней афіцыйная прадстаўніца УСК па Віцебскай вобласьці Аксана Лазько.
Зьміцер Міраш