Чацвер, 17 Кастрычнік 2019

У Віцебску судзяць мужчыну за фота Гітлера і карыкатуры на габрэяў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Фота з абвінавачаным Фота з абвінавачаным

У Віцебскім абласным судзе слухаецца крымінальная справа, заведзеная супраць 34-гадовага жыхара абласнога цэнтру Аляксея В., якога абвінавачваюць у распальваньні расавай і нацыянальнай варожасьці. Яму пагражае да 5 гадоў зьняволеньня…

Крымінальную справу ў дачыненьні да віцябляніна распачалі па некалькіх артыкулах КК РБ – па ч.1 арт.130 (Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці) і па ч.2 арт. 346 (зьдзек зь гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, альбо зьдзек з помнікаў абаронцам Айчыны).

Крымінальную справу супраць мужчыны завялі пасьля таго, як на ягонай старонцы “Укантакце” выявілі фотаздымкі, відэаролікі і малюнкі (карыкатуры) з нацысцкай сымболікай. Сьледчыя закрылі доступ да акаўнта, канфіскавалі ў мужчыны жорсткі дыск, мабільны тэлефон, сыстэмны блёк, нататнік, кулён з выявай “1488”, стыкеры і шаўроны.

Да нацысцкай акупацыі ставіцца нэгатыўна

Як сьцьвярджае абвінаваўца, на адной з карыкатур быў “намаляваны габрэй у выглядзе пачварнага дыназаўра з надпісам “Габрэйскі Парк”, на іншым малюнку ў габрэя замест вачэй – даляры.

Асаблівую цікавасьць у судзьдзі Андрэя Прэйса, які вядзе працэс, выклікаў фотаздымак Адольфа Гітлера, пад якой стаіць подпіс: “Са сьвятам, Адольф Гітлер. 20.04.1888”. Судзьдзя ўпарта дапытваўся ў абвінавачанага, адкуль той ведае дату нараджэньня Гітлера.

Зацікавіў судзьдзю і фотаздымак вокладкі часопіса “Беларус на варце”. Бо, як патлумачыў Андрэй Прэйс, гэты часопіс выходзіў на тэрыторыі Беларусі ў 1943-1944 гадах і быў прысьвечаны антысавецкім ваенізаваным фармаваньням. Судзьдзя скрупулёзна высьвятляў, як падсудны ставіцца да пэрыяду нацысцкай акупацыі нашай краіны. Аляксей адказаў, што нэгатыўна.

Таксама віцябляніна вінавацяць у публікацыі фотаздымку, на якім ён ускідвае руку на фоне плошчы Перамогі, дэманструючы нацысцкі прывітальны жэст (“зьдзек зь гісторыка-культурных каштоўнасьцяў”).

Кантэнт публікаваўся 6 гадоў таму

Выявілася, што значная частка кантэнту была разьмешчаная віцяблянінам яшчэ ў 2011-2012 гадах. Таму на пытаньні “Чаму вы пакінулі камэнтар?” ці “Што азначае гэты малюнак?”, падазраваны адказваў: “Ня памятаю”.

На судовым паседжаньні не дэманстраваліся ані відэа, ані фотаздымкі – адно зачыталі вынікі экспэртыз, паводле якіх матэрыялы прызнаныя экстрэмісцкімі. Пры гэтым сам абвінавачаны заключэньні экспэртаў цалкам не прызнае. Заявіў, што гэта іх асабістыя меркаваньні, бо не спасылаюцца на навуковую літаратуру.

Прадметам разбору на судзе сталі і татуіроўкі, набітыя абвінавачаным у пэрыяд ад 2002-га да 2010-га году. Што азначае тое ці іншае “тату”, тлумачыў суду сам дзяржабвінаваўца. Што праўда, спасылаўся выключна на інфармацыю з інтэрнэту.

Наступнае судовае паседжаньне па справе адбудзецца 21 кастрычніка.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.