Чацвер, 10 Кастрычнік 2019

Павал Левінаў раздаў віцебскім судзьдзям майкі з надпісам “Правасудзьдзе без забойства”

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Праваабаронца Павал Левінаў перадаў усім судзьдзям судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуду 14 саколак з надпісам “Правасудзьдзе без забойства”. Такім чынам ён нагадаў судзьдзям пра Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца сёньня – 10 кастрычніка.

Праваабаронца перадаў майкі з надпісамі “Правасудзьдзе без забойства” і “Скажы НЕ сьмяротнаму пакараньню” супрацоўніцы судовай канцылярыі. Да стосу саколак далучыў пісьмовы зварот, у якім тлумачыць судзьдзям, чаму выносіць сьмяротныя прысуды ў XXI стагодзьдзе – ганебная справа.

Павал Левінаў паведаміў, што зладзіў гэтую акцыю ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”.

“Я вяду пастаянную працу з судзьдзямі абласнога суду, якія надзеленыя правам выносіць сьмяротныя прысуды. На вялікі жаль, яны выносілі сьмяротныя выракі і ў 2018-м, і ў 2019 гадах.

І мяне, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, як жыхара Віцебскай вобласьці і як праваабаронцу, гэта вельмі абурае. Таму што судовая ўлада Беларусі фактычна ўзаконьвае інстытут легальных забойцаў. І гэта ў  XXI стагодзьдзі ў краіне, якая лічыць сябе цэнтрам Эўропы. Гэтак ня мае быць!” – запэўнівае Павал Левінаў.

Паведаміў, што майкі атрымае кожны судзьдзя судовай калегіі па крымінальных справах, а іх у Віцебскім абласным судзе 14. Прызнаўся, што стараўся падабраць кожнаму па памеры.

“Вельмі спадзяюся, што кожны судзьдзя, надзеўшы саколку, задумаецца, а ці гэта нармальна – забіваць людзей ад імя дзяржавы”, – падсумаваў Левінаў.

Зьміцер Міраш, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.