Судовы працэс над Кірылавым-Шмільхольдхардам праходзіў у закрытым рэжыме. Справу віцябляніна разглядала судзьдзя суду Бешанковіцкага раёну Натальля Рэут. Як інвалід ІІ групы, Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард разьлічваў на тое, што ў дачыненьні да яго будзе ўжытая амністыя, але яе не прымянілі.
22 жніўня суд Бешанковіцкага раёну прысудзіў мужчыну да трох гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Прысуд не набыў законную сілу. Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард зьбіраецца абскарджваць вырак у апэляцыйным парадку ў Віцебскім абласным судзе.
Нагадаем, што на двух віцяблянаў – Ігара Пастнова і Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда, была заведзеная спачатку адна крымінальная справа, але на закрытым судовым працэсе, які пачаўся ў красавіку 2019 году, справа Кірылава-Шмільхольдхарда была выведзеная ў асобнае справаводзтва.
Мужчын абвінавачвалі ў распаўсюдзе заведама ілжывых выдумак, якія зьняважылі пракурора гораду Віцебску Юрыя Раманоўскага. 21 траўня зачыталі вырак (судзьдзя Натальля Рошчына) віцебскаму псыхіятру Ігару Пастнову: яму далі тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Абласны суд не задаволіў апэляцыйную скаргу Пастнова на прысуд.
Зьміцер Міраш