Крымінальная справа ў дачыненьні да актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “За сумленную ўладу” Ігара Пастнова і Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда была распачатая роўна год таму – 13 жніўня 2018 году. Віцяблян абвінавацілі ў распаўсюдзе заведама ілжывых выдумак, якія зьняважылі пракурора Раманоўскага. Падставай да завядзеньня справы была заява, якую Пастноў і Кірылаў-Шмільхольдхард разаслалі ў розныя інстанцыі і ў якой сьцьвярджалі, што пракурор Раманоўскі злоўжываў службовай уладай.
Закрыты судовы працэс над актывістамі пачаўся яшчэ ў красавіку 2019 году, але судзьдзя Бешанковіцкага райсуду Натальля Рошчына вывела справу Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда ў асобнае справаводзтва. Нагадаем, што справа Ігара Пастнова ўжо разгледжаная – яго прысудзілі да трох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”).
Разьлічваў на амністыю як інвалід ІІ групы
Справу Кірылава-Шмільхольдхарда разглядае ў выязным паседжаньні судзьдзя суду Бешанковіцкага раёну Натальля Рэут. Сам пацярпелы – пракурор Юрый Раманоўскі, на суд не зьявіўся.
Першае паседжаньне, якое прайшло 12 жніўня, магло стаць і апошнім, бо, як інвалід ІІ групы, Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард разьлічваў на прымяненьне ў дачыненьні да яго закону аб амністыі. Але гэтага не адбылося.
На падставе таго, што Бешанковіцкі раённы суд загадзя, яшчэ ў выраку Пастнова, рабіў высновы аб вінаватасьці Кірылава-Шмільхольдхарда, абвінавачаны заявіў на пачатку працэсу адвод суду, але адвод быў адхілены.
Наступнае судовае паседжаньне мае адбыцца 20 жніўня.
Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард плянуе выклікаць на працэс шматлікіх сьведак.
“Па гэтай справе я буду заяўляць хадайніцтва аб тым, каб дапыталі больш за 28 сьведак, у тым ліку начальніка гарадзкога сьледчага камітэту, начальніка віцебскага СІЗА-2, начальніка ІЧУ Віцебскага аблвыканкаму і супрацоўнікаў Першамайскага РАУС, якія фабрыкавалі доказы, ды іншых…” – паведаміў абвінавачаны.
“Віцебская Вясна” сочыць за разьвіцьцём падзей.
Уладзімер Бяляўскі