Апэляцыю разглядала калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду ў складзе старшыні Аляксандра Абашына, судзьдзяў Тацяны Дашкевіч і Андрэя Прэйса. У якасьці дзяржабвінаваўцы выступаў пракурор Віталь Сузанскі – той самы, які ўдзельнічаў у працэсе па справе Пастнова ў судзе першай інстанцыі. З гэтай прычыны на пачатку паседжаньня Ігар Пастноў заявіў адвод пракурору як зацікаўленай у выніках разгляду асобе, але адвод не задаволілі. Не задаволены быў і заяўлены адвод самой калегіі.
Разгляд апэляцыйнай скаргі прайшоў у закрытым судовым паседжаньні. Ігар Пастноў хадайнічаў, каб суд быў адкрыты, але судовая калегія адхіліла хадайніцтва.
У апэляцыйнай скарзе Пастноў настойваў у тым ліку на тым, што “трэба адмяніць прысуд і на той падставе, што прызначанае пакараньне судом першай інстанцыі не адпавядае цяжкасьці злачынства і асобе абвінавачанага”. Пісаў пра адмову ў правядзеньні шэрагу экспэртызаў і пра тое, што быў пазбаўлены права выступаць у судовых спрэчках і права на апошняе слова.
Разгледзеўшы скаргу, судовая калегія пакінула яе без задавальненьня, а прысуд Пастнову – бязь зьменаў.
Пастноў можа стаць палітвязьнем
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, камэнтуючы рашэньне аблсуду, кажа, што цяпер праваабарончая супольнасьць будзе вывучаць справу Пастнова на прадмет магчымага наданьня яму статусу палітвязьня.
“Сёньня рашэньнем апэляцыйнай інстанцыі прысуд Ігару Пастнову пакінуты бязь зьменаў. Цяпер Ігар Аляксеевіч павінен будзе адбываць пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам тры гады.
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці пільна назіралі за судом над Пастновым, але, каб пазьбегнуць ціску на суд, публічныя заявы не рабіліся. Для грамадзкасьці было важна, каб судовыя разгляды ў судах першай і апэляцыйнай інстанцыяў праходзілі справядліва, поўна і аб’ектыўна.
Цяпер, калі прысуд набыў законную сілу, праваабарончая супольнасьць будзе вывучаць справу Пастнова на прадмет адпаведнасьці крытэрам, якімі карыстаюцца праваабаронцы для прылічэньня асуджанага да вызначэньня “палітычны вязень”, – паведаміў Леанід Сьвецік.
Зьміцер Міраш