Напярэдадні суду Тахміна атрымала адказ на скаргу з Упраўленьня ЖКГ Віцебскага аблвыканкаму, падпісаны яго кіраўніком Юрыем Дзядзёлам. У адказе гаворыцца, што паколькі з 1 ліпеня 2016 году праведзеная рэарганізацыя РКЦ, «высьветліць службовую асобу, якая дапусьціла памылку ў статусе гэтай кватэры ў 2014 годзе не ўяўляецца магчымым». Таму суму запазычанасьці за тры гады ў памеры 2015 рублёў 44 капейкі спагоняць з насельніцы кватэры.
«Я яшчэ ня ведаю, колькі зь мяне будуць вылічаць з заробку, і што застанецца нам з дачкой. Я аплачвала ўсё цалкам па рахунках ад ЖКГ і ўсё адно засталася вінная. Абскарджваць рашэньне я ня буду – я ўжо пераканалася, што дамагчыся справядлівага рашэньня ў нашым судзе нельга», – сказала Тахміна па завяршэньні суду.
Тахміна Міхайлава належыць да нацыянальнай меншасьці – народнасьці рома. Бясплатную юрыдычную падтрымку ёй аказвала Полацкае праваабарончае таварыства.
Праваабаронца Мікола Шарах, які прадстаўляў інтарэсы адказчыцы ў судзе, лічыць, што самавольства закладваецца на ўзроўні прыняцьця заканадаўчых актаў. У расейскім заканадаўстве, прыкладам, сфармулявана, што падліковая памылка – гэта памылка пры выкананьні арытмэтычных дзеяньняў.
Паводле Міколы Шараха, адсутнасьць выразных фармулёвак у беларускім заканадаўстве дае магчымасьць чыноўнікам (і судзьдзям у тым ліку) адвольна тлумачыць факты. І калі паўстае канфлікт паміж дзяржаўным прадпрыемствам і грамадзянінам, то, як правіла, суды даюць тлумачэньне не на карысьць грамадзяніна. У Міхайлавай няма грошай на аплату пошліны, каб абскардзіць судовае рашэньне. А дамагчыся зьменаў у заканадаўстве, не прайшоўшы ўвесь ланцужок судоў, – немагчыма.
Паводле апублікаваных напярэдадні нядаўніх мясцовых выбараў зьвестак пра даходы кандыдатаў у дэпутаты, асабістыя даходы начальніка Упраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкаму Юрыя Дзядзёлы складаюць 6041 рублёў на месяц.
Аляксандар Марозаў