Судом было выяўлена, што лекар хірургічнага аддзяленьня празь нядбайства не правёў неабходны аб'ём дасьледаваньняў малалетняй пацыенткі, пасьля дастаўленьня яе ў прыёмнае аддзяленьне. У выніку іншароднае цела ў страваводзе не было своечасова выяўленае, што спрычынілася да павелічэньня працягласьці траўмуючага ўзьдзеяньня на акаляючыя органы і тканкі дзіцяці аж да ўзьнікненьня небясьпечных для жыцьця ускладненьняў.
У выніку дзяўчынка, што праглынула батарэйку, якой на той момант было 2,5 году, пазбавілася стрававода, у яе пацярпелі дыхніца і тутніца, а таксама мозг. Дзіця сталася інвалідам.
Летам хірург быў пазбаўлены права займацца мэдычнай практыкай на два гады і аштрафаваны на 150 базавых велічынь, а лекар-рэнтгеноляг - на 500 базавых велічынь. Бацькі пацярпелай дзяўчынкі зьбіраліся абскарджваць гэты прысуд.
На паседжаньні 6 студзеня лекар-хірург быў прызнаны вінаватым у неналежным выкананьні прафэсійных абавязкаў мэдычным работнікам, што пацягнула прычыненьне пацыенту зь неасьцярожнасьці цяжкага цялеснага пашкоджаньня, і на падставе часткі 1 артыкулу 162 КК яму было прызначанае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на тэрмін 2 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штрафу ў 200 базавых велічынь. Таксама на падставе часткі 2 артыкулу 51 КК яму ж прызначанае дадатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня права займацца мэдычнай дзейнасьцю на тэрмін 5 гадоў, паведамляе прэс-служба суду Віцебскага абласнога суду.
Гэты прысуд законнай моцы не набыў, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным законам парадку.