Вядзецца пра справу, якую суд гораду Воршы і Аршанскага раёну разглядаў 24 жніўня 2016 году. Згодна з пастановай суду, вынесенай паводле гэтай справы, Ігар Грышанаў парушыў артыкул 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях («дробнае хуліганства»), бо нібыта абразіў старшыню Бабініцкага сельсавету Марыну Мацьвееву. За гэта яму быў прысуджаны штраф у памеры 5 базавых велічынь.
Ігар Грышанаў, які шмат гадоў быў старастам «узорна-паказальнай» вёскі, мае напружаныя адносіны зь сельскімі начальнікамі даўно. Апошнім не падабаецца яго незалежніцкая пазыцыя і тое, што ён шмат што робіць у вёсцы, зважаючы на патрэбы людзей, а не на мясцовых прадстаўнікоў вэртыкалі ўлады зь іхнымі нікчэмнымі загадамі.
Старшыня сельскага савету Мацьвеева спрабавала была пазбавіцца ад няўгоднага старасты, прапануючы ягоным аднавяскоўцам правесьці сход і абраць замест яго іншую асобу. Аднак, нягледзячы на адміністрацыйны рэсурс, які яна спрабавала задзейнічаць, жыхары Стаўроў заўсёды выказваліся за Грышанава.
Бывалі і ў суды. Так, у лютым 2016 году ўсё тая ж спадарыня Мацьвеева спрабавала абвінаваціць старасту ў самаўпраўстве. За тое, што той, не ўзгадняючы зь сельскімі ўладамі, узяў ды пабудаваў у вёсцы альтанку з лаўкамі на тым месцы, куды прыяжджае аўтакрама. Тады суд старшыня сельсавету прайграла. Аднак альтанку судзьдзя загадаў зьнесьці.
Але Мацьвеева не спыніла рабіць падкоп супраць актывіста, ды ў выніку дамаглася перамогі, абвінаваціўшы старасту ў тым, што ён нібыта публічна лаяўся ды абразіў яе. І судзьдзя Іна Кохава паверыла ёй. А на Каляды і сам Грышанаў заявіў, што сыходзіць з пасады старасты празь ціск на яго з боку мясцовых чыноўнікаў...
Зрэшты, сваё змаганьне за праўду ён не спыніў. І рэакцыя Вярхоўнага суду, да якога актывіст дайшоў, таму пацьверджаньне: на наглядную скаргу актывіста ён даў не стандартны адказ, што суды ніжэйшых інстанцыяў усё нібыта вырашылі слушна, а распачаў праверку. У межах гэтай праверкі ВС запатрабаваў у Аршанскага суду «для праверкі ў парадку судовага нагляду справу аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да Грышанава І.І. пав. арт. 17.1 КаАП, разгледжаную 24.08.2016 году».
Кажа Ігар Грышанаў:
– Дакумэнты запатрабаваныя. Няхай цяпер у гэтых судзьдзяў дрыжаць лыткі. Іхная непрафэсійнасьць будзе разглядацца на рэспубліканскім узроўні. Зь мяне зрабілі крайняга, але я дайшоў да Вярхоўнага суду. Нічога лепшага, як абвінаваціць у абразе старшыні сельскага савету, яны выдумаць ня здолелі. А пачалося ўсё з таго, што я запісаў у кнізе скаргаў заўвагу, што сельскі савет ня ўмее праводзіць вясковыя сходы. Пакінуць заўвагу без рэагаваньня яны не маглі.
Пра тое, што справа сфальшаваная і загадзя падрыхтаваная, гаворыць хаця б той факт, што міліцыянт, якога звычайна ў выпадку неабходнасьці не дачакаесься, прыехаў літаральна за 15 хвілін і склаў пратакол. Гэта адбылося якраз перад выбарамі. Я вылучаў сваю кандыдатуру, таму ацэньваю гэтую правакацыю як сьвядомы ціск на мяне з боку ўладаў. Такім чынам яны намагаліся дыскрэдытаваць апазыцыйнага кандыдата ў дэпутаты.
Суд Аршанскага раёну прысудзіў мне пяць базавых, але ж я ні ў чым не вінаваты! Прычым рашэньне суду было прынятае яшчэ да разгляду справы і выслухоўваньня маёй аргумэнтацыі – судзьдзя проста зачытала загадзя напісаны тэкст. Пагадзіцца з такім нахабным абсурдам немагчыма.
С. Горкі