«У сувязі з тым, што дамовы, прадугледжаныя пунктам 3 рашэньня Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10 ліпеня 2009 году №881 "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску" Вамі не прадстаўленыя, забараняю правядзеньне масавага мерапрыемства – пікетаваньня 12 ліпеня 2018 году... у парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў у г. Віцебску», – патлумачыла намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі Алена Шарай, якая, апроч іншага, курыруе пытаньні ідэалёгіі.
Рашэньне гарвыканкаму, на якое спаслалася чыноўніца, дае магчымасьць віцебскім уладам цягам амаль ужо дзесяцігодзьдзя забараняць будзь-якія мірныя акцыі праваабаронцаў, грамадзкіх і палітычных актывістаў, што не супрацоўнічаюць з уладамі. Бо заключыць дамовы з мэдыкамі, камунальнікамі і мэдыкамі на абслугоўваньне мерапрыемстваў, якія яно вымагае, – задача практычна невыканальная. Нават у тых адзінкавых выпадках, калі дзяржаўныя службы, пералічаныя ў рашэньні, пагаджаюцца на заключэньне дамоваў, арганізатары самі адмаўляюцца ад правядзеньня імпрэзаў праз высокія кошты паслугаў, прапанаваных ім паводле гэтых дамоваў.
Дарэчы, пікет праваабаронцаў супраць сьмяротнага пакараньня мусіў адбыцца на пляцоўцы, адмыслова адведзенай рашэньнем №881 пад масавыя мерапрыемствы. Але ні гэты факт, ні тое, што ўжо нават Камітэт па правох чалавека ААН запатрабаваў ад беларускіх уладаў зьмяніць згаданае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму, не пахіснуў чыноўнікаў адміністрацыі Чыгуначнага раёну.
«Пікет зноўку забаронены з фармальных прычынаў, – кажа заяўнік забароненай акцыі Леанід Сьвецік. – Такім чынам, улады выразна прадэманстравалі сваю пазыцыю што да ўжываньня сьмяротнай кары як выключнай меры пакараньня. Але ня толькі гэта. Яны ня хочуць, каб грамадзяне мелі магчымасьць публічна выказваць сваё стаўленьне да таго, што дзяржава расстрэльвае сваіх грамадзянаў».
Кастусь Дзьвінскі