У адказе на ліст першы намесьнік старшыні Віцебскага абласнога суду Анатоль Фаменка апэлюе артыкуламі Канстытуцыі РБ і Кодэксу аб судоўніцтве і статусе судзьдзяў, згодна зь якімі “судзьдзі пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя – незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону”.
“Просьбы, выказаныя ў звароце, не заснаваныя на палажэньнях названых прававых нормаў, таму задавальненьню не падлягаюць”, – адказаў Левінаву судзьдзя.
Левінаў – пра Фаму, Фаменка – пра Ярому…
“Для мяне гэты адказ зусім няўцямны. Таму што я пісаў пра Фаму, а Фаменка мне – пра Ярому. Я ж прасіў судзьдзяў праявіць разважлівасьць і гуманізм ды адмовіцца ад вынясеньня сьмяротных выракаў, бо ў заканадаўстве маюцца альтэрнатыўныя меры пакараньня. А на гэта мне адказваюць, што судзьдзі, маўляў, незалежныя і падпарадкоўваюцца адно закону. Што да чаго?.. Я ж не прасіў іх парушаць закон. Наадварот!” – абураецца Павал Левінаў.
“Ведаеце, у тых артыкулах Крымінальнага кодэксу, дзе прадугледжаная такая мера, як сьмяротная кара, прапісаныя таксама альтэрнатыўныя меры. І якую меру выбраць, залежыць найперш ад волі судзьдзі. То бок менавіта судзьдзя, па сваёй волі і кіруючыся законам, мае магчымасьць пазьбегнуць вынясеньня сьмяротнага прысуду. І ў сваім лісьце я адзначаў, што ня судзьдзі давалі жыцьцё чалавеку, і таму яны ня маюць права пазбаўляць яго гэтага жыцьця”, – тлумачыць праваабаронца.
“Судзьдзі не зьбіраюцца праяўляць гуманізм”
Дарэчы, у адказе з абласнога суду гаворыцца, што інфармацыя, пададзеная ў звароце Левінава, “узятая пад увагу”.
“Так, узялі пад увагу. І што далей?.. Гэты адказ выразна даў зразумець, што судзьдзі Віцебскага абласнога суду не зьбіраюцца праяўляць гуманізм пры вынясеньні прысудаў і маюць намер і надалей, як будзе нагода, выносіць сьмяротныя прысуды. Што, мяркую, недапушчальна”, – падсумаваў Павал Левінаў.
6 кастрычніка ўступіў у сілу чарговы сьмяротны вырак, які 22 верасьня 2017 году вынесьлі судзьдзі Віцебскага абласнога суду.
“Страшна ўсьведамляць, што ты жывеш сярод людзей, якія выносяць сьмяротныя прысуды і прыводзяць іх у выкананьне!” – пісаў Левінаў у звароце да віцебскіх судзьдзяў.
Нагадаем, 5 кастрычніка ў віцебскім “Бітлз-клюбе” ў межах “Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня” прайшоў фэст “Рок за жыцьцё”.
Зьміцер Міраш