Вядзецца пра Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох, выконваць які абавязалася Рэспубліка Беларусь згодна з ратыфікаванай краінай міжнароднай дамовай. Паводле Канстытуцыі, нормы міжнароднага права маюць у Беларусі вышэйшы прыярытэт у параўнаньні з унутранымі заканадаўчымі актамі.
Апроч згаданага рашэньня гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году, якім рэгулюецца, як грамадзяне могуць рэалізаваць сваё права на мірныя сходы ў горадзе Віцебску, КПЧ патрабуе ад беларускіх уладаў зьмяніць і Закон «Аб масавых мерапрыемствах», на якім грунтуецца рашэньне № 881.
Нагодай зьвярнуцца ў КПЧ для Паўла Левінава стаў шэраг забаронаў адзіночных пікетаў, заяўкі на якія ён падаваў у 2012 годзе. Усяго такіх пікетаў мусіла адбыцца пяць, і на ніводзін зь іх мясцовыя ўлады не далі дазволу, спасылаючыся на рашэньне № 881. Маўляў, заяўнік хацеў правесьці пікеты ня ў тых месцах, што адмыслова прызначаныя гарадзкім выканкамам пад масавыя мерапрыемствы, – а гэта тры бязьлюдныя пляцоўкі ў парках гораду.
Дзіўна, але згодна зь беларускім заканадаўствам пад паняцьце «масавыя мерапрыемствы» падпадаюць і пікеты, удзельнікам якіх выступае толькі адна асоба.
Пяць забароненых пікетаў праваабаронцы – тры падобныя адно да аднаго цяперашнія рашэньні КПЧ (у адной са скаргаў Левінаў згадаў адразу тры эпізоды, яны былі аб'яднаныя ў адну справу). Ва ўсіх рашэньнях Беларусь прызнаная парушальніцай пункту 2 артыкулу 19 Пакту («Кожны чалавек мае права на свабоднае выказваньне свайго меркаваньня...»).
Рашэньне № 881 Віцебскага гарвыканкаму накладае на арганізатараў мерапрыемстваў ня толькі абмежаваньне на месцы іх правядзеньня, але і ўводзіць яшчэ адну перашкоду: ахвочыя правесьці мірны сход мусяць папярэдне заключыць дамовы аб яго абслугоўваньні зь міліцыяй, ЖКГ і мэдыкамі. Пералічаныя ў рашэньні службы, як правіла, адмаўляюцца заключаць такія дамовы, праз што легальнае правядзеньне мерапрыемства робіцца немагчымым.
Адзіны выпадак, калі цягам амаль 10-ці гадоў дзеяньня рашэньня № 881 актывістам ўдалося дамагчыся ад мясцовых уладаў дазволу на мірны сход, стаў Дзень Волі – 2018. Сябрам партыі БНФ адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску дазволіла мітынг 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, але заяўнікі самі адмовіліся яго праводзіць, спаслаўшыся на занадта вялікі рахунак, які выставілі ім міліцыянты за паслугі па абслугоўваньні імпрэзы.
Кастусь Дзьвінскі