Дзень супраць сьмяротнай кары прыпадае на 10 лістапада. Упершыню гэтая дата пачала адзначацца ў розных краінах ў 2003 годзе зь ініцыятывы Сусьветнай кааліцыі супраць сьмяротнага пакараньня – міжнароднага аб'яднаньня, у якое ўваходзяць больш як паўтары сотні міжнародных і нацыянальных праваабарончых арганізацыяў. З 2007 году згодна з пастановай Камітэту міністраў Рады Эўропы гэты дзень стаў таксама і Эўрапейскім днём барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня.
Традыцыйна праваабаронцы Беларусі – адзінай краіны ў Эўропе, дзе дагэтуль выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды – не абмяжоўваюцца адным днём, а ладзяць розныя імпрэзы супраць пакараньня сьмерцю цягам тыдня. Апроч пікету, у Віцебску ў межах тыдня заплянаваны таксама музычны фэстываль «Рок за жыцьцё».
«Сьмяротная кара, як сродак крымінальнага пакараньня, парушае неад'емнае права чалавека на жыцьцё, якое абвешчанае ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, – адзначыў Леанід Сьвецік у заяўцы на пікет. – Даказана, што сьмяротнае пакараньне вядзе да дэгуманізацыі грамадзтва і ня толькі не памяншае колькасьць асабліва цяжкіх злачынстваў, але і часьцяком выклікае іх рост. Акрамя таго, ніводная судовая сыстэма не застрахаваная ад памылак. Гэта азначае, што пры наяўнасьці сьмяротнага пакараньня ў дзяржаве час ад часу непазьбежна будуць пакараныя невінаватыя».
Кастусь Дзьвінскі