Чацвер, 17 Кастрычнік 2024

Лёзненскія камунальнікі ўсталявалі відэаназіранне, каб змагацца з «несанкцыянаваным смеццем»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

За смецце, якое людзі «не даносяць» да вызначанага месца, або пакідаюць не там, дзе трэба,  прадугледжаны адміністрацыйны штраф памерам да 1200 рублёў. Але камунальныя службы шкадуюць парушальнікаў, разумеючы, што ў райцэнтры невялікія заробокі. Нават калі відэакамеры зафіксавалі супрацьзаконныя дзеянні, спярша праводзяць «прафілактычную гутарку». Наколькі гэта эфектыўна?

Пра тое, што відэакамеры ўсталявалі каля некалькіх кантэйнерных пляцовак, паведаміла лёзненская раённая газета «Сцяг перамогі»  са спасылкай на намесніцу дырэктара УП ЖКГ Вольгу Анціпенка.  Яна распавядае, што з дапамогай відэаназірання ўдалося зафіксаваць некалькі  выпадкаў парушэння заканадаўства: «Вот женщина волочёт к бакам тачку травы. А это мужчина на автомобиле привёз 12 мешков с мусором и забил сразу все контейнеры. Вот несут строительные отходы. Решили, что на первый раз с каждым составим беседу, вынесем предупреждение, но если поймаем повторно, пойдут штрафы».  

Падчас гутарак, кажа прадстаўніца ЖКГ, людзі тлумачаць, што плацяць за паслугі камунальнага прадпрыемства. А таму лічаць, што могуць пакідаць на пляцоўках збору любое смецце. Паводле Вольгі Анціпенкі, складаць у кантэйнеры можна толькі бытавыя адкіды, але не паламаныя канапы, траву, вецце і цэглу.

Гэта насамрэч так, і для «буйнагабарытнага» смецця прадугледжаны прыватныя паслугі ЖКГ – калі чалавек павінны адмыслова замовіць машыну для ўтылізацыі будаўнічых матэрыялаў або старой мэблі. Але ў Лёзне такой паслугі не існуе. Таму намесніца дырэктара УП ЖКГ не тлумачыць адпаведны алгарытм дзеянняў, а толькі пагражае штрафамі. І раіць жыхарам прыватнага сектара набыць за ўласныя сродкі індывідуальныя кантэйнеры, з якіх смецце будзе вывозіцца раз на тыдзень.

Што рабіць жыхарам шматпавярховых дамоў, так і не зразумела. Запалоханне штрафамі без прапанаванай  альтэрнатывы можа прывезці да ўтварэння новай праблемы - яшчэ большай колькасці стыхійных звалак у ваколіцах Лёзна.

Ірына Максімава