Чацвер, 17 Кастрычнік 2024

Можна замяраць узровень патрыятызму: у Віцебску прадалі памятную стэлу з імёнамі загінулых у мінулай вайне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Стэла ў памяць пра 93 работнікаў фабрыкі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца на тэрыторыі ліквідаванага ААТ "КІМ". На электронных таргах, арганізаваных камітэтам "Віцебскаблмаёмасць", прададзена трансфарматарная падстанцыя, якая належала прадпрыемству. Разам з падстанцыяй прададзена доля ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, дзе і ўнаходзіцца стэла.

Падстанцыю і стэлу пераможца аўкцыёну набыў за 138 тысяч рублёў. Абавязацельствы па захаванасці мемарыяльнага аб'екта ўмовамі аўкцыёну не прадугледжаны. Перад новым гаспадаром стаіць хіба што маральны выбар: «захаванне гістарычнай памяці» у рэчышчы сучаснай ідэалогіі або ліквідацыя, бо мастацкай каштоўнасці стэла не ўяўляе.

Стэла была ўстаноўлена на тэрыторыі прадпрыемства ў 1966 годзе.

Былая панчошна-трыкатажная фабрыка КІМ (імя Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі) была адкрыта 7 верасня 1931 года. У 1996 годзе на базе фабрыкі было створана ААТ "Класіка індустрыі моды" - вытворца трыкатажных і панчошна-шкарпэткавых вырабаў. У 2010-х гадах некалі квітнеючае прадпрыемства збанкрутавала. Вытворчасць па справе аб банкруцтве распачата ў лютым 2015 года па ініцыятыве самога даўжніка. Працэдура банкруцтва завершана ў канцы 2019 года. Комплекс вытворчых будынкаў на плошчу 12, 4 га распрадаецца.

Сяргей Вяхоткін