Іосіф Адамовіч Навумчык нарадзіўся 21 кастрычніка 1938 года на Пастаўшчыне ў вёсцы Яцэвічы. Скончыў Лепельскае педагагічнае вучылішча, гістфак БДУ, Вышэйшую партшколу. Працаваў настаўнікам, на камсамольскай рабоце ў Пастаўскім раёне і Віцебску. За савецкім часам Іосіф Навумчык быў другім сакратаром Віцебскага гаркама партыі, сакратаром Віцебскага абкама партыі. "У якасці дарадцы ЦК КПСС у Кабуле ён быў адным з тых, хто паўплываў на рашэнне Гарбачова і Палітбюро вывесці войскі з Афганістана", — піша пра бацьку ягоны сын.
Але што вылучала Іосіфа Навумчыка сярод іншых партыйных кіраўнікоў высокага рангу - гэта нацыянальная самасвядомасць. У постсавецкія часы ён стаў адным з найактыўнейшых прыхільнікаў стварэння Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. І 25 гадоў быў нязменным кіраўніком віцебскай абласной рады ТБМ. Ен шмат зрабіў для папулярызацыі роднай мовы і культуры на Віцебшчыне – ладзіў сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі, змагаўся за пашырэнне беларушчыны, нярэдка спрачаючыся за гэта з чынавенствам і кіраўнікамі рознага ўзроўню.
Іосіф Адамавіч складаў мемуары – надыктоўваў свайму сыну ўспаміны пра сітуацыю ўнутры кіраўніцтва БССР апошняга савецкага дзесяцігодзьдзя. Сяргей Навумчык плануе іх выдаць, разумеючы каштоўнасць гэтага матэрыялу для вывучэння гісторыі Беларусі.
Іосіф Навумчык быў узнагароджаны трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі – так ацаніла ягоную дзейнасць дзяржава. Адзнакай ягонай дзейнасці сярод землякоў застанецца добрая памяць пра шчырага, неабыякавага чалавека.