Нядзеля, 24 Лістапад 2024

Пасля скаргаў грамадзян звалку смецця каля могілак урэшце ліквідавалі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Завяршыўся «Месячнік па навядзенні парадку на зямлі», падчас якога выяўлена і ліквідавана 39 стыхійных звалак у Віцебску і Віцебскім раёне. У тым ліку, пасля скаргаў у розныя інстанцыі, расчысцілі і пляцоўку для збору бытавога смецця на могілках каля вёскі Шэвіна Віцебскага раёна. Гэтыя могілкі з'яўляюцца арыгінальным краязнаўчым аб'ектам.

«На могілках, размешчаных у вёсцы Шэвіна, устаноўлены кантэйнеры для збору смецця, аднак яны перапоўнены, і адкіды назапашваюцца вакол кантэйнераў, утвараючы несанкцыянаваныя звалкі. Смецце таксама раскіданае ўздоўж дарожак і прылеглых участкаў, што стварае антысанітарныя ўмовы. Мы шчыра спадзяемся, што пытанне добраўпарадкавання могілак заслугоўвае ўвагі, і ў бліжэйшы час будуць прыняты далейшыя крокі па падтрымцы санітарнага стану месцаў пахаванняў. Асаблівым патрабаваннем для нас з'яўляецца рэгулярны догляд за смеццевымі кантэйнерамі і ўборка тэрыторыі, каб забяспечыць чысціню і парадак на могілках, а таксама праявіць павагу да памяці памерлых», - пісалі мясцовыя жыхары ў выканкам Віцебскага раёна.

Падтрыманне парадку менавіта на гэтых могілках мусіла б стаць абавязковым і сістэматычным яшчэ па адной важнай прычыне: група віцебскіх краязнаўцаў – энтузіястаў стварыла на ўскрайку могілак своеасаблівы музей пад адкрытым небам, экспанаты якога ілюструюць асаблівасці пахавальных абрадаў нашых продкаў. Там паказаны традыцыйныя спосабы пахаванняў – курган, дамавіна, надмагільныя слупы, каменныя крыжы. Адзін з крыжоў мае несумненную гістарычную каштоўнасць, бо эпітафія на ім датуецца 1617 годам.

Мясцовыя ўлады ў курсе таго, што на вясковых могілках ёсць такі аб'ект, здольны зацікавіць экскурсантаў, больш за тое – ужо гучалі абяцанні ўключыць яго ў турыстычныя маршруты. Праўда, далей за абяцанні справа не пайшла...

Паводле інфармацыі на сайце гарадской газеты «Віцьбічы», звалкі камунальных адходаў, якія былі знойдзены на тэрыторыі дзяржлесфонду, расчышчаў Віцебскі лясгас, на землях сельскагаспадарчага прызначэння - сельгаспрадпрыемствы. На землях агульнага карыстання звалкі ліквідавала Спецаўтабаза.

«Распачатыя два адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да асоб, якія размясцілі ў несанкцыянаваных месцах адходы дзейнасці СТА, дэталі і часткі транспартных сродкаў, - паведамляе газета «Віцьбічы», -- Гэтыя адходы выяўлены каля садоўніцкага таварыства на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета Віцебскага раёна». Парушальнікам пагражае штраф, калі іх прызнаюць вінаватымі па ч. 3 ст. 44 КаАП Рэспублікі Беларусь. Юрыдычная асоба можа быць аштрафаваная на суму да тысячы базавых велічыняў, фізічная асоба - да 30 базавых велічыняў. Акрамя таго, па факце прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю з іх можа быць спагнана кампенсацыя. Яе памер вызначаецца ў залежнасці ад плошчы звалкі і віду зямель, на якіх яна размешчана.

Віталь Бажко