Мясцовыя жыхары і хацелі б утрымліваць могілкі ў парадку, але не ўсё залежыць ад іх. «У прыватнасці, на могілках, размешчаных у вёсцы Шэвіна, устаноўлены кантэйнеры для збору смецця, аднак яны перапоўнены, і адкіды назапашваюцца вакол кантэйнераў, утвараючы несанкцыянаваныя звалкі. Смецце таксама раскіданае ўздоўж дарожак і прылеглых участкаў, што стварае антысанітарныя ўмовы. Мы шчыра спадзяемся, што пытанне добраўпарадкавання могілак заслугоўвае ўвагі, і ў бліжэйшы час будуць прыняты далейшыя крокі па падтрымцы санітарнага стану месцаў пахаванняў. Асаблівым патрабаваннем для нас з'яўляецца рэгулярны догляд за смеццевымі кантэйнерамі і ўборка тэрыторыі, каб забяспечыць чысціню і парадак на могілках, а таксама праявіць павагу да памяці памерлых», - гэта цытата са скаргі, накіраванай у выканкам Віцебскага раёна.
Вызваленне кантэйнераў ад смецця – абавязак службаў ЖКГ. Ен не такі складаны з улікам таго, што могілкі невялікія, і ў вялікіх аб'ёмах смецце назапашваецца хіба што некалькі разоў на год – на Радаўніцу, на Дзяды і на Троіцу.
Хаця падтрыманне парадку менавіта на гэтых могілках мусіла б стаць абавязковым і сістэматычным яшчэ па адной важнай прычыне: група віцебскіх краязнаўцаў – энтузіястаў стварыла на ўскрайку могілак своеасаблівы музей пад адкрытым небам, экспанаты якога ілюструюць асаблівасці пахавальных абрадаў нашых продкаў. Там паказаны традыцыйныя спосабы пахаванняў – курган, дамавіна, надмагільныя слупы, каменныя крыжы. Адзін з крыжоў мае несумненную гістарычную каштоўнасць, бо эпітафія на ім датуецца 1617 годам!
Некаторыя стваральнікі гэтага самадзейнага музея ўжо самі сышлі ў лепшы свет. Але іхная ідэя заслугоўвае таго, каб не быць змарнаванай праз абыякавасць нашчадкаў. Мясцовыя ўлады ў курсе таго, што на вясковых могілках ёсць такі аб'ект, здольны зацікавіць экскурсантаў, больш за тое – ужо гучалі абяцанні ўключыць яго ў турыстычныя маршруты. Але мала што зроблена і робіцца для гэтага.
Віктар Бажко