Нядзеля, 10 Лістапад 2024

Працаўнікі спецаўтабазы прыбралі гару смецця каля вёскі Баронікі. Але што зроблена, каб яна не з'явілася зноў?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мясцовыя жыхары неаднаразова скардзіліся, што каля іхнага населенага пункта на ўзбочыне дарогі ўтварылася так званая «стыхійная звалка». Верагодна, што часткова спрычыніліся да яе з'яўлення і аднавяскоўцы. Але частка смецця мае «прамысловае» паходжанне. Адпаведна, варта пашукаць і тых, хто засмечвае тэрыторыю далёка не «бытавымі» адкідамі.

Гарадская газета «Віцьбічы» са спасылкай на кіраўніцу Віцебскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Ганну Алейнікаву паведамляе, што ў ваколіцах Віцебска зафіксаваны 24 так званыя «стыхійныя звалкі». Адну з іх – каля вёскі Баронікі – нядаўна прыбралі. Але паводле фотаздымкаў, размешчаных на сайце выдання, звалка ўтварылася не толькі з бытавога смецця. Аўтары артыкула заклікаюць землякоў падтрымліваць чысціню, пагражаюць адміністрацыйнай адказнасцю за выкіданне смецця, асабліва буйнагабарытнага, у неналежных месцах. Аднак чытачам не паведамляюць, ці зроблены нейкія захады па пошуку тых, хто пакінуў на ўзбочыне дарогі «прамысловае» смецце, не захацеўшы везці яго на санкцыянаваную звалку. «У народзе» падобная практыка шырока вядомая: пакідаючы адкіды ў найбліжэйшым «ціхім месцы», некаторыя кіроўцы эканомяць паліва, выкарыстоўваючы яго пасля ва ўласных мэтах...

Каб вызначыць, хто пакідае смецце ў неналежных месцах, маглі б дапамагчы камеры відэаназірання. І працаўнікі ЖКХ Віцебскай вобласці ўжо прымяняюць падобны досвед. У Шаркоўшчынскім раёне гатовы пайсці яшчэ далей: там прапануюць вызначаць былых гаспадароў выкінутых рэчаў па пакінутых імі «слядах» - квітанцыях, квітках, працоўных запісах...

У любым выпадку чытачам гарадской газеты хацелася б ведаць не толькі пра тое, што «работники спецавтобазы под контролем экологов убрали большую стихийную свалку на обочине дороги возле Бороников», прасцей кажучы, выканалі свае прафесійныя абавязкі. А яшчэ і пра наступствы – ці былі пакараныя ў адпаведнасці з заканадаўствам вінаватыя ва ўтварэнні несанкцыянаванага сметніка.

Ігар Баравы