Цяпер названы чарговы тэрмін уводу аб'екта з дзеянне – першы квартал 2025 года.
Будаўніцтва лазневага комплекса пачалося ў 2011 годзе – падчас кіравання старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Нікалайкіна. У 2018 годзе незавершаны аб'ект перадалі на баланс Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак. У 2020 годзе гарвыканкам паведамляў, што новая ўстанова ўжо хутка адчыніцца.
Аднак ўсё «пайшло не так», і гарадскому кіраўніцтву давялося ствараць цэлы штаб па аднаўленні работ на закінутым аб'екце. У красавіку 2022 года на будпляцоўцы правялі пасяджэнне штаба, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Саглаеў, дырэктар арганізацыі заказчыка - Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак Пётр Бараноўскі, генеральны дырэктар генпадраднай арганізацыі - ААТ Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» Уладзімір Ленчыкаў. Тады вырашылі, што ўвесці ў строй лазню змогуць у 2023 годзе. Гарвыканкам ужо абвясціў пошук ахвотных набыць памяшканні ў гэтым комплексе для арганізацыі грамадскага харчавання або фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці.
На гэтым зноўку ўсё спынілася. І цяпер чарговы кіраўнік горада чарговы раз бярэ пад асабісты кантроль недабудаваную лазню. Пра гэта паведаміў афіцыйны сайт гарвыканкама, не называючы, аднак, ні прычынаў прамаруджвання будаўніцтва, ні пераліку прац, якія засталося зрабіць.
Як тут не згадаць новы аб'ект гарадской інфраструктуры – Плошчу герба і сцяга, якую будуюць з крэйсерскай хуткасцю і на якую ў гарадскім бюджэце лёгка знайшліся неабходныя сродкі.
Віктар Баландзін