Артыкул Андрэя Панкрата можна смела ўключаць як у прапагандысцкую метадычку, так і ў падручнік па журналісцкай этыцы – у якасці прыклада недапушчальнага ўжывання мовы варожасці. Зрэшты, што недапушчальнага можа быць для рэдактара «раёнкі», якога сёлета прызналі пераможцам Нацыянальнага конкурса "Золотая литера" за праект "Мнение". Хэштэгам з гэтым словам Андрэй Панкрат звычайна пазначае свае разважанні на палітычныя тэмы.
«Беглые ждут удобного момента, чтобы закинуть огонь войны и на нашу территорию», «беглые продолжают пропагандировать ложь», - так піша рэдактар пра сваіх суайчыннікаў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай пераследу за свае грамадзянскія перакананні. І ажно некалькі разоў Панкрат паўтарае словазлучэнне «беглые предатели», якія, маўляў, «жаждут хаоса, разрушения и кровопролития, чтобы реализовать свои жалкие планы по госперевороту». Такія фармулёўкі Андрэя Панкрата не падмацоўваюцца аніякімі фактамі, а ў народзе такая манера вядзення гаворкі называецца проста і ёміста «паліванне брудам»...
Яшчэ адзін пасыл, заўважны ў артыкуле «Праўда пра танк з бчб-сцягам у Курскай вобласці», - гэта памкненне зняважыць Украіну як суверэнную дзяржаву. Аўтар называе яе няйнакш як «погибающей Украиной», а яе жыхароў - «марионетками в руках кукловодов».
Відавочна, што артыкул разлічаны хіба на тых людзей, якія не звыклі думаць і аналізаваць розныя крыніцы інфармацыі. Такіх сярод чытачоў «Глыбоцкага весніка», падобна, няшмат: ахвотных пачытаць брыдкаслоўе галоўнага рэдактара за двое сутак набралася ўсяго 58 чалавек. Для параўняння, артыкул пра тое, як жыхары Глыбоччыны ўпрыгодваюць свае падворкі, набраў за тыя ж двое сутак удвая больш праглядаў. А тэкст пра новыя турыстычныя маршруты па раёне за трое сутак прачыталі каля паўтысячы чалавек.
Ірына Смольская