Дзмітрый Васюковіч нарадзіўся ў Докшыцах, але жыў і працаваў на Глыбоччыне. Яго асудзілі за выказванне ў сацыяльных сетках ад 2 сакавіка 2022г. «Яно ўтрымлівала выказаную ў непрыстойнай форме абразу на адрас прэзідэнта РБ, якая прыніжае аўтарытэт, гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы», -- так апісваецца ўчынак Дзмітрыя Васюковіча ў інфармацыі на сайце Вярхоўнага суда.
Суддзя Глыбоцкага райсуда Андрэй Тарасевіч прызнаў Дзмітрыя Васюковіча вінаватым у публічнай абразе аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК і прыгаварыў яго да пакарання ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць тэлефон асуджанага як сродак здзяйснення злачынства.
Сяргей Гняўко нарадзіўся ў Оршы, некалькі апошніх гадоў працаваў у Расіі на будоўлях, рамантаваў аўтамабілі. У снежні 2019 г. у Санкт-Пецярбургу яго асудзілі за крадзёж да 1 году выпраўленчых работ.
Упершыню быў асуджаны паводле ч.1 арт. 368 КК суддзёй Кастрычніцкага раёна горада Мінска Інай Сівец 5 траўня 2023 года.
Сёлета 4 чэрвеня 2024 г. у судзе Аршанскага раёна і г.Орша была разгледжаная яшчэ адна крымінальная справа Сяргея. Яго зноў абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК). Справу разглядала суддзя Юлія Вяршыніна.
Суд прызнаў Гняўко вінаватым і на падставе ч.2 арт. 368 КК яму было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады. Па сукупнасці прысудаў да прызначанага пакарання суд часткова далучыў неадбытае пакаранне па папярэднім прысудзе і канчаткова прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 16 жніўня 2024 г. Віцебскі абласны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Сяргея Гняўко.
Віталь Грышак