Як паведамляе ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС па Віцебскай вобласьці, сёлета было распачата ўжо 13 крымінальных справаў за гвалт ці пагрозы ўчыненьня гвалту над міліцыянтамі. Сем асобаў былі асуджаныя, тры справы разглядаюцца ў судах, яшчэ тры – знаходзяцца на стадыі папярэдняга расьсьледаваньня.
Як правіла, падобныя злачынствы рабіліся ў дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі грамадзкай бясьпекі падчас нясеньня імі службы па ахове грамадзкага парадку альбо пры вядзеньні адміністрацыйнага працэсу.
Удакладняецца, што гвалтоўныя дзеяньні супраць міліцыі часьцей за ўсё ўчынялі мужчыны ў стане алькагольнага ап’яненьня, якія раней неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за правапарушэньні грамадзкага парадку і маральнасьці.
“Таксама ўсё большы распаўсюд атрымліваюць факты разьмяшчэньня інфармацыі, якая дыскрэдытуе органы ўнутраных справаў, у сеціве Інтэрнэт”, – канстатуе ўпраўленьне ўласнай бясьпекі міліцыі.
Паведамляецца, што на практыцы “даводзіцца сустракацца зь нежаданьнем супрацоўнікаў зважаць на абразьлівыя выпады на іхны адрас, а тым больш – ініцыяваць у гэтай сувязі прававы разбор”.
Артыкул 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка ўнутраных справаў) прадугледжвае пакараньне ў выглядзе арышту, альбо абмежаваньня волі тэрмінам да 5 гадоў, альбо пазбаўленьня волі на тэрмін да 6 гадоў.
Зьміцер Міраш