Аўторак, 12 Сакавік 2019

“Будзе яшчэ горш”. На Віцебшчыне бракуе прызыўнікоў

Ацаніць гэты матэрыял
(14 галасоў)
Фота: 7dney.by Фота: 7dney.by

Ваенны камісар Віцебскай вобласьці палкоўнік Руслан Шкодзін паведаміў, што летась у войска пайшло на 333 чалавека менш, чым было заплянавана. “Сёлета сытуацыя чакаецца яшчэ горш”, – цытуе ваенкома абласная газэта “Витебские вести”.

“Кожны прызыўнік сёньня на вагу золата. Мінулым разам мы ня здолелі выканаць даведзенае заданьне, накіраваўшы ў войска на 333 навабранцы менш, чым неабходна. Сёлета сытуацыя чакаецца яшчэ горш. Прычым праблема ёсьць ня толькі з камплектацыяй Узброеных Сілаў, але і памежных і ўнутраных войскаў МУС Беларусі, што выклікае асаблівую занепакоенасьць напярэдадні правядзеньня Эўрапейскіх гульняў у Менску. Таксама цяжка знайсьці спэцыялістаў у сыстэму супрацьпаветранай абароны”, – паведаміў выданьню ваенком Віцебскай вобласьці.  

“Кіраўнікі раённых прызыўных камісіяў павінны наладзіць узаемадзеяньне паміж ваеннымі камісарамі, міліцыянтамі і пракурорамі, каб больш эфэктыўна змагацца з “ухілістамі”, – падкрэсьліў Руслан Шкодзін.   

Паводле інфармацыі камісарыяту, у 2018 годзе былі выяўленыя 67 асобаў, якія ўхіляліся ад службы ў войску.

“Трэба ўзмацніць прафіляктычную і тлумачальную працу, каб хлопцы сьвядома ішлі выконваць свой грамадзянскі абавязак. Праводзіць мерапрыемствы героіка-патрыятычнай накіраванасьці, у тым ліку сустрэчы з вэтэранамі Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікамі баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў”, – мяркуе ваенком.

Нагадаў, што Мінабароны ўжо падрыхтавала прапановы зьменаў у заканадаўстве. Прапануюць, у прыватнасьці, адмяніць шэраг адтэрміновак і ўзмацніць адказнасьць для нядбайных прызыўнікоў. Але вясеньні прызыў-2019 будзе праходзіць пакуль што паводле дзейнага заканадаўства.

Залагініцца каб дадаць камэнтары