Серада, 06 Сакавік 2019

“Таксі даводзіцца тросам выцягваць”. Жыхары Полацку скардзяцца на стан дарог

Ацаніць гэты матэрыял
(18 галасоў)
Дарога на вул. Шаўмяна ў Полацку Дарога на вул. Шаўмяна ў Полацку

Жыхары Полацку незадаволеныя якасьцю дарог у горадзе. Людзі дасылаюць фота дарог, якія не рамантаваліся шмат гадоў. Асабліва ад бездарожжа пакутуюць жыхары вуліц Мірная, Навасёлаў і мікрараён Грамы, піша Эўрарадыё.

“Калі шчыра ў Грамах проста жудасна ўсё, – распавёў жыхар Полацку Аляксей. –  Стан сумны. Людзі рамантавалі дах пяціпавярховага дому, рабочыя скідвалі рубэройд на зямлю. А пасьля гэтым адпрацаваным рубэройдам закрывалі ямы”.

Днямі ў Полацак прыяжджаў памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Віцебскай вобласьці Віталь Воўк. На прыёме ў чыноўніка жыхары Полацку паскардзіліся на дарогі, а дакладней, на іх адсутнасьць у Грамах. Пасьля размовы з палачанамі Воўк паабяцаў асабіста прыехаць у Грамы ў сакавіку, каб вырашыць праблему.

Грамадзкі актывіст Віктар Стукаў распавёў Эўрарадыё, што ў Полацку ёсьць вуліцы, дзе захрасаюць машыны, а жудасны стан дарог захоўваецца ў горадзе ўжо шмат гадоў.

“Вясной у Грамах – балота, – кажа Віктар Стукаў. – Таксі захрасаюць, і даводзіцца тросам выцягваць. І гэтак ня толькі ў Грамах. Вуліцы Мірная, Навасёлаў, Бабушкіна, Шаўмяна... У мясцовай газэце пісалі, што каля 65% вуліц не заасфальтаваныя ў горадзе. Жыхары вуліцы Арджанікідзэ мне казалі, што пайшлі ў райвыканкам скардзіцца на бруд, а там кажуць: “Па дакумэнтах у вас асфальт ляжыць”.

“Фінансаваньне меншае, чым летась”

У Полацкім райвыканкаме Эўрарадыё патлумачылі, што пакласьці асфальт па ўсім горадзе немагчыма.

“У якім горадзе няма такой праблемы? – адказвае пытаньнем на пытаньне першы намесьнік старшыні Полацкага райвыканкаму Сяргей Лейчанка. – Пасьля капрызнай зімы, натуральна, і ў Полацку праблема ёсьць. Гарадзкія службы працуюць штодзень. Хочацца шмат, але як ёсьць. Ёсьць вуліцы проста з пясчаным пакрыцьцём... І сёлета фінансаваньне [на рамонт дарог] меншае, чым у мінулым годзе”.

У бюджэце Беларусі на 2019 год на рэканструкцыю, рамонт і ўтрыманьне мясцовых дарог прадугледжана амаль 97 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, з 1 студзеня 2014 года ў Беларусі ўладальнікі аўтамабіляў плацяць так званы “дарожны збор”. Напрыклад, за легкавое аўто вагою да 1,5 тоны трэба заплаціць 76,5 рубля за год, ад 1,5 да 2 тон – 153 рублі. 50% ад спагнанага збору ідзе ў рэспубліканскі бюджэт. Астатнія 50% накіроўваюцца ў мясцовыя бюджэты  на рамонт дарог і будаўніцтва новых магістраляў.

У тым і была задумка збору: калі хочаш і далей езьдзіць па дарогах бязь ямаў і калдобінаў – заплаці за іх рамонт. Але нешта пайшло ня так.

Залагініцца каб дадаць камэнтары