Серада, 10 Красавік 2019

У Віцебску адбылася сустрэча з брытанскай дыпляматкай Лісай Тамвуд

Ацаніць гэты матэрыял
(16 галасоў)

У Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы 9 красавіка адбылася сустрэча прадстаўнікоў грамадзкасьці з намесьнікам пасла Вялікабрытаніі ў Беларусі Лісай Тамвуд.

Сустрэча прайшла ў камэрным фармаце. Удзел у ёй узялі 15 чалавек, якія прадстаўлялі недзяржаўныя арганізацыі YMCA-Віцебск, VITEBSK4ME, “Крылы Анёлаў”, “Англійскі культурны цэнтар”, “Дыялёг”, “Рэгіянальный рэсурсны цэнтар”. Прысутнічалі таксама праваабаронцы, прадстаўнікі дзяржаўных установаў (ЦК “Віцебск”, Цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма Віцебску) і бізнэсу.

На пачатку размовы брытанская дыпляматка паведаміла, што нагодай яе візыту ў Віцебск стаў ўдзел ў адкрыцьці міжнароднай канфэрэнцыі “Віцебская народная мастацкая школа і яе спадчына (1918-1922)”.

Ліса Тамвуд тлумачыць, чаму прыехала ў Віцебск

Ліса Тамвуд запэўніла, што, хоць праектная праца амбасады Вялікабрытаніі збольшага сфакусаваная на Менску, патрэбы і інтарэсы рэгіёнаў яе таксама цікавяць.

“На жаль, мы ня маем вялікіх рэсурсаў, але ў нас шмат энтузіязму і энэргіі, шмат жаданьня, каб пашыраць нашую працу ў рэгіёнах. І таму хацела б пачуць, якім чынам мы б маглі вам дапамагчы, чым можам быць цікавымі адзін аднаму”, – сказала Ліса Тамвуд.

Кожны з удзельнікаў сустрэчы распавёў пра дзейнасьць сваёй арганізацыі. Актывістка YMCA Яўгенія Пачэпка папрасіла дыпляматку не забывацца на Віцебск у тых выпадках, калі амбасада ладзіць сустрэчы зь вядомымі асобамі ў Менску – бо тут іх таксама чакаюць. Дырэктарка культурнай прасторы VITEBSK4ME Вольга Бізікава запрасіла амбасадарку у якасьці ганаровай госьці на будучы “Грамадзкі фуршэт” і распавяла пра стрыт-арт праект “Гравітацыя”. А прадстаўнік цэнтру “УНОВІС-ФОРУМ” запытаўся, ці можа паспрыяць англійская амбасада ў тым, каб прывезьці ў Віцебск арыгінальныя працы Марка Шагала. Зацікавіў дыпляматку і расказ актывісткі віцебскіх “Крылаў Анёлаў” Натальлі Бароўкі.

Сустрэча з Лісай Тамвуд у Віцебску доўжылася гадзіну.

“Вы далі мне шмат падставаў для разважаньняў, і я падумаю, што можна зрабіць”, – паабяцала на разьвітаньне брытанская дыпляматка.

Гадзіннік дыпляматкі

Зьміцер Міраш, фота аўтара         

Залагініцца каб дадаць камэнтары