Панядзелак, 06 Лістапад 2017

Статыстыка: самыя сталыя мужчыны – на Віцебшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Мужчыны на Вушаччыне Мужчыны на Вушаччыне

Згодна са статыстычнымі дадзенымі, якія апублікаваў да Сусьветнага дня мужчын (4 лістапада) Мінстат, сярэдні ўзрост мужчын на Віцебшчыне сягае 38,6 гадоў. Гэта найвышэйшы паказьнік у Беларусі сярод рэгіёнаў. Самае маладое мужчынскае насельніцтва – у Менску. Сярэдні век мужчын-менчукоў складае 35,8 гадоў.

Паводле інфармацыі Мінстату, у краіне сёлета пражывае 4 млн. 426 тыс. мужчын. Гэта 46,6% ад агульнай колькасьці жыхароў. Калі верыць лічбам, то на 1 тыс. мужчын у Беларусі прыпадае 1 тыс. 147 жанчын.

Пятае месца па колькасьці “мальцаў”

Што тычыцца Віцебскай вобласьці, то мужчыны рэгіёну складаюць 12,4% ад агульнай колькасьці мужчынскага насельніцтва Сінявокай. Як сьцьвярджае галоўнае статыстычнае ўпраўленьне вобласьці, на Віцебшчыне на 1 студзеня 2017 году пражывала 549 тыс. 300 мужчын рознага веку. Зь іх толькі каля 132 тыс. жыве ў вёсках.

Па колькасьці “мальцаў” займаем пятае месца ў краіне, апераджаючы толькі Магілёўшчыну і Гарадзеншчыну.

Рэгрэс: мінус 3 тыс. мужчын за год

Цікава, што агульная колькасьць мужчын у рэгіёне несупынна падае (мінус 2-3 тыс. за год). Напрыклад, у 1970 годзе ў Віцебскай вобласьці налічвалася каля 620 тыс. мужчын.

Адзначым, што на 1 тыс. мужчын на Віцебшчыне прыпадала 1 тыс. 162 жанчыны. Як бачым, гэты паказьнік вышэйшы за агульнабеларускі (не на карысьць “моцнага полу”). Што праўда, з 2007-га году гэтая гендэрная прапорцыя амаль не зьмяняецца.

Жанчыны жывуць на 10 год болей

Мінстат паведамляе, што чаканая працягласьць жыцьця ў мужчын складае на сёньня 68,9 гадоў. Розьніца ў працягласьці жыцьця паміж мужчынамі і жанчынамі – 10,1 год (зноў жа не на карысьць мужчын).

Агульная колькасьць насельніцтва Віцебскай вобласьці на 1 кастрычніка 2017 году складае 1 млн. 182 тыс. чалавек. У параўнаньні з пачаткам году нас стала меней на 6 тыс. чалавек. А калі параўноўваць з 2011-м – колькасьць жыхароў паменела амаль на 40-тысячны горад…

44% мужчын паляць, толькі 7,7% вядуць здаровы лад жыцьця

Паводле Мінстату, пераважна “мужчынскімі” зьяўляюцца такія віды эканамічнай дзейнасьці, як будоўля (80,2% задзейнічаных - мужчыны), транспартная дзейнасьць (62,8%), сельская, лясная і рыбная гаспадарка (60,7%) і прамысловасьць (57,4%).

З агульнай колькасьці мужчын у краіне 64,6% зьяўляюцца (паводле ўзросту) працаздольнымі – 64,6% (гэта на 4% менш, чым у 2011 годзе).

Паводле статыстыкі, кожны трэці беларускі мужчына ва ўзросьце ад 16 гадоў лічыць сваё здароўе добрым, а кожны чацьвёрты займаецца спортам. Пры гэтым 44% з агульнай колькасьці (ад 16 гадоў і старэйшыя) прызнаюцца, што паляць, а кожны пяты мае залішнюю вагу. Толькі 7,7% мужчын вядуць здаровы лад жыцьця, сьцьвярджае Мінстат.

Зьміцер Міраш