Паводле дадзеных Белстату, на пачатак траўня ўзровень беспрацоўя па краіне склаў 1 адсотак ад агульнай колькасьці працоўных. На першае траўня па краіне налічвалася 43,4 тысячы зарэгістраваных беспрацоўных грамадзян. Што тычыцца Віцебску, то на канец 2014 году на ўліку ва Ўпраўленьні па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне насельніцтва гарвыканкаму знаходзілася 1144 беспрацоўныя, а вось ужо на першае чэрвеня 2015 году іх колькасьць склала 2608 чалавек.

 

Узровень беспрацоўя ў Віцебску у 2014 годзе складаў 0,7 % ад агульнай колькасьці працаздольнага насельніцтва, сёлета ж гэты паказчык за пяць месяцаў падвысіўся да 1,6 %. Такім чынам, менш як за паўгода колькасьць беспрацоўных у Віцебску вырасла амаль у 2,3 разы. Лічбы, вядома, пакуль невялікія, але тэндэнцыя насьцярожвае. Хаця дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што, магчыма, рэальнае павелічэньне колькасьці беспрацоўных крыху меншае: многія з тых, хто ня мае сталай працы, раней не рэгістраваліся ў цэнтры занятасьці, але ўступленьне ў сілу «дэкрэту аб дармаедах» прымусіла іх зрабіць гэта.

Насьцярожвае і той факт, што колькасьць вакансіяў, якія віцебскія прадпрыемствы прапануюць праз гарадзкі цэнтар занятасьці, толькі за першую дэкаду чэрвеня зьменшылася амаль у тры разы. Калі на канец траўня прапаноўвалася 1500 працоўных месцаў, то цяпер цэнтар можа працаўладкаваць усяго крыху больш за пяцьсот грамадзян.

Апошнім часам на гарадзкім рынку працы запатрабаванымі застаюцца высокакваліфікаваныя рабочыя і спэцыялісты, а вось колькасьць работнікаў, якія могуць быць задзейнічаныя на некваліфікаванай працы, мае тэндэнцыю да ўстойлівага зьмяншэньня.

Зьвяртае на сябе ўвагу і той факт, што нават вядучыя прадпрыемствы гораду скарацілі колькасьць заявак на працаўладкаваньне, якія яны раней накіроўвалі ў цэнтар занятасьці.

Масавых скарачэньняў на прадпрыемствах гораду пакуль не фіксуецца, але скарачэньні асобных работнікаў адбываюцца амаль паўсюдна. У сувязі з неспрыяльнымі эканамічнымі ўмовамі на бальшыні прадпрыемстваў назіраюцца тыя ці іншыя формы схаванага беспрацоўя, якое стрымліваецца валявым рашэньнем улады. Так, на шэрагу віцебскіх прадпрыемстваў выкарыстоўваецца няпоўны працоўны тыдзень, што зьяўляецца адной з прыкметаў схаванага беспрацоўя. Па краіне ў рэжыме няпоўнай занятасьці працуюць каля 300 тысяч чалавек.

Ратуючыся ад эканамічных стратаў, віцебскія фірмы вымушаныя замарожваць альбо зьмяншаць узровень заробку. Распаўсюджанай практыкай зьяўляецца і адпраўленьне грамадзян у пазачарговыя адпачынкі без захаваньня або з частковым захаваньнем заробку. Існуе і такая форма прыхаванага беспрацоўя, як рабочы на прастоі.

Вось жа, кожны ратуецца як можа, але зь вялікай доляй імавернасьці можна прагназаваць тое, што масавых скарачэньняў у год выбараў прэзыдэнта ўлада не дапусьціць.

Віцебская вясна

На «Нафтане» не выплацілі дзьве квартальныя прэміі за выкананьне патрабаваньняў аховы працы – за апошні квартал 2014 году і першы квартал 2015-га. Работнікі ААТ у зьдзіўленьні, паколькі іх калегі па канцэрне – нафтаперапрацоўшчыкі з Мазырскага НПЗ грошы атрымалі.

Аляксей Страхаў сам ініцыяваў зварот у СМІ з нагоды сытуацыі ў клюбе. Шматдосьведны Страх (як яго часта называюць былыя аднаклюбнікі) за сваю доўгую кар’еру пасьпеў пагуляць у многіх месцах – ад Хабараўска да Данецку, і нават абараняў колеры нацыянальнай зборнай Беларусі. Ураджэнец Харкава, непрызвычаены выкручвацца і крывадушнічаць, распавёў пра нерадасную сытуацыю ў ХК ХК «Віцебск», у якім Страхаў апынуўся пры канцы сваёй гульнявой кар’еры.

Бацькам будучых першаклясьнікаў з новых мікрараёнаў Наваполацку прыйшлося літаральна начаваць каля брамы школ №14 і №12. Прыём дакумэнтаў у школу пачаўся 2 чэрвеня, але для таго, каб уладкаваць сваіх улюбёных дзяцей у навучальную ўстанову побач з домам, бацькам прыйшлося прастаяць у жывой чарзе двое сутак.