З 1 студзеня віцебскія рынкі і гандлёвыя цэнтры спыняюць працу. Мясцовыя прадпрымальнікі накіравалі ў Віцебскі гарвыканкам лісты з інфармацыяй пра сваё рашэньне. Яно зьвязанае з набыцьцём моцы з новага году ўказу №222. Як адзначае старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч, віцебскія прадпрымальнікі не сыходзяць на калядныя вакацыі: яны папярэджваюць, што не адновяць працу, пакуль на дзяржаўным узроўні ня вырашацца іхныя праблемы.

Работнікі «Жылбуду» перад надыходам Новага году спрабуюць прадаць па цане ніжэйшай за намінал выдадзеныя ім на прадпрыемстве сэртыфікаты для куплі абутку і скургалянтарэі «Марка» – некалькі такіх абвестак зьявілася ў суполцы «Народных навін Віцебска».

Сьледчы камітэт высьвятляе прычыны гібелі работніка УП «Полацакводаканал» Дзяніса Анішчанкі. Пра гэта сайту charter97.org паведаміў чытач. Аналягічная інфармацыя была апублікаваная 13 сьнежня ў сацыяльных сетках. «На мінулым тыдні 22-гадовы хлопец Дзяніс Анішчанка загінуў, знаходзячыся ў калодзежы, куды яго адправілі перакрываць вэнтыль», – піша чытач.

Няшчасьце адбылося ў пятніцу 11 сьнежня каля 10 гадзін раніцы. Рабочы пэнсійнага веку 1951 года нараджэньня працаваў за такарным станком. У нейкі момант зь незразумелых пакуль прычын галаву работніка зацягнула элемэнтамі станка, якія вярцеліся, што прывяло да сьмерці. Прычыны здарэньня высьвятляюцца.

Пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне адбіваецца на ўсіх катэгорыях насельніцтва. Якім чынам гэты адмоўны працэс закрануў дробных прадпрымальнікаў, наш карэспандэнт вырашыў даведацца ў гандляроў, што працуюць на Полацкім рынку ў Віцебску.