Пятніца, 17 Красавік 2026

Вядомага валейбаліста з Глыбокага прызналі часткай «экстрэмісцкага фармавання»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У абноўлены спіс пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай дзейнасці” на сайце МУС 16 красавіка ўключылі прозвішча вядомага глыбоцкага валейбаліста Артура Удрыса. Яго імя згадалі ў ліку сямі чалавек, звязаных з ініцыятывай "Вольныя". Гэтая ініцыятыва дапамагае ў рэабілітацыі вызваленых палітвязняў.

 Артур Удрыс жыў і рос у Глыбокім, займаўся там валейболам, а пасля пераехаў у Менск, дзе адшліфоўваў сваё майстэрства ў гэтым відзе спорту. Ён гуляў у 14 клубах дзесяці краін, удзельнічаў у 56 турнірах і правёў 277 матчаў.  Станавіўся лепшым бамбардзірам Клубнага чэмпіянату свету 2018/19.

 Пасля выбараў 2020 года мужчына падпісаў ліст свабодных спартоўцаў супраць гвалту і адмовіўся выступаць за нацыянальную зборную. А пасля быў вымушаны з’ехаць у эміграцыю.

 Цяпер Артур Удрыс жыве і працуе ў польскім Аўгустове, які нагадвае яму роднае Глыбокае, і выкладае там у школе фізкультуру. Таксама ён мае дыплом псіхолага, скончыў Усходне-Еўрапейскі інстытут псіхааналізу, займаецца практыкай і працуе з тэмамі сораму, трывогі і прыгнечаных эмоцый.

 Фота: fakelvolley.ru