Супрацоўнікі інспэкцыі па справах непаўнагадовых райаддзелу ўнутраных спраў супольна са спэцыялістамі райаддзелу адукацыі, спорту і турызму ладзяць мерапрыемствы, накіраваныя на арганізацыю занятасьці і вольнага часу дзяцей і падлеткаў, асаблівая ўвага надаецца тым, хто знаходзіцца на ўліку ў органах унутраных спраў - такіх у Віцебскім раёне 64 чалавекі.
«З мэтай прафіляктыкі безнагляднасьці і правапарушэньняў сярод непаўналетніх, забесьпячэньня кантролю за паводзінамі падлеткаў у летні пэрыяд, папярэджаньня фактаў траўматызму і гібелі дзяцей у хлопчыкаў і дзяўчынак удакладняецца, чым яны мяркуюць займацца ўлетку. Тым, у каго няма магчымасьці трапіць у аздараўленчыя, працоўныя і іншыя летнія лягеры, прапануем дапамогу і розныя варыянты занятасьці, у тым ліку пры ўзаемадзеяньні з тэрытарыяльнымі органамі па працы, саюзам моладзі, - распавёў начальнік ІСН РАУС Юрый Жораў, заўважаючы, што спэктар занятасьці шырокі. - Вядома, праца непаўнагадовых, якія будуць занятыя ў сельскагаспадарчых арганізацыях, а таксама ў сэрвісных, пэдагагічных атрадах, не высокааплатныя, але гэта грамадзка карысная занятасьць, якая дае навыкі да жыцьця без дармаедзтва».
Начальнік ІСН Віцебскага АУС на транспарце Андрэй Салаўёў зьвяртае ўвагу на папярэджаньне фактаў траўматызму і гібелі дзяцей на аб’ектах чыгуначнага транспарту: «Летась і сёлета фактаў траўмаваньня і гібелі дзяцей на сталёвай магістралі не дапушчана. Разам з тым, да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 9.4 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях (невыкананьне абавязкаў па выхаваньні дзяцей), дзе санкцыяй прадугледжаны штраф у памеры да дзесяці базавых велічынь, прыцягнутыя дзесяць бацькоў малалетніх правапарушальнікаў. 30 непаўнагадовых прыцягнутыя за праход па чыгуначных калеях або знаходжаньне на іх у неналежным месцы паводле арт. 18.3 ч. 5 вышэйзгаданага Кодэксу”.
Небеспакаранымі засталіся ўчынкі 13-гадовага віцебчука, які на пачатку красавіка паблізу ст. Старое Сяло зьдзейсьніў правапарушэньне, якое стварае пагрозу бясьпечнаму руху чыгуначнага транспарту праз падкладваньне прадметаў на сталёвую магістраль. Яшчэ прыклад: 17-гадовы ліцэіст абласнога цэнтру выбраў яе ў якасьці месца для «забаваў». Разьбіўшы каменем шкло ў пасажырскім цягніку, што праходзіў міма, непадалёк ад ст. Лосьвіда, ён нанёс шкоду адной з арганізацыяў Беларускай чыгункі.
«Усе вінаватыя непаўнагадовыя, а таксама іх законныя прадстаўнікі, панесьлі пакараньне ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, - сказаў на заканчэньне Андрэй Салаўёў, нагадаўшы пра мерах бясьпекі на аб’ектах чыгуначнага транспарту. - Забараняецца хадзіць або знаходзіцца на калеях, падлазіць пад вагоны, пералазіць праз аўтасчэпкі. Недапушчальна накладваць староньнія прадметы на рэйкі, пашкоджваць чыгуначнае абсталяваньне, кідаць камяні і іншыя прадметы ў цягнікі, што праходзяць міма».
Інсэпектар ІСН Віцебскага РАУС Вераніка Ханеўская перасьцерагае непаўнагадовых ад позьніх шпацыраў, якія могуць абярнуцца папярэджаньнем або накладаньнем штрафу ў памеры да дзьвюх базавых велічынь: «Згодна з артыкулам 17.13 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь такія наступствы цягнуць невыкананьне бацькамі або асобамі, якія іх замяшчаюць, абавязку па суправаджэньні непаўнагадовага ва ўзросьце да 16 гадоў альбо па забесьпячэньні яго суправаджэньня паўнагадовай асобай у пэрыяд з 23:00 да 06:00 па-за жытлом».
Арганізаваць адпачынак дзяцей і напоўніць яго рознымі карыснымі мерапрыемствамі - задача, у першую чаргу, бацькоў. Менавіта на плённае супрацоўніцтва зь імі разьлічваюць праваахоўнікі і пэдагогі.
Крыніца: Жыццё Прыдзвіння