«Сёння быў захоплены Аляксандр Сакалоў. Заўтра чакаецца суд, але наўрад ці варта спадзявацца на справядлівае рашэнне – нашаму таварышу пагражае як мінімум 15 сутак арышту», – піша «Стачкам ААТ «Нафтан».
Аляксандр Сакалоў працуе на «Нафтане» аператарам устаноўкі «Сумарныя ксілолы». У 2017 годзе афіцыйнае выданне «Веснік Нафтана» пісала пра Сакалова як пра моладзевага лідара і прэтэндэнта на перамогу ў намінацыі «Прызнанне» завадскога форуму, як аднаго з тых, хто «імкнецца развівацца шматгранна» і «дэманструе хуткі прафесійны рост».
Стачкам нагадвае, што дагэтуль за кратамі знаходзяцца яшчэ чацвёра ўдзельнікаў страйку – Аляксандр Капшуль, Аляксей Драбіцкі, Сяргей Лапуноў і Андрэй Шкірэнка. 25 сакавіка кожны з іх быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Відэа ў падтрымку галасавання на платформе «Голас» («Твой голас – голас Беларусі») з'явілася ў інтэрнэце 20 сакавіка. Амаль адразу пачалося паляванне на тых страйкоўцаў, хто ўдзельнічаў у яго стварэнні. На кватэрах затрыманых удзельнікаў стачкі прайшлі ператрусы.
Зміцер Міраш