Аўторак, 13 Лістапад 2018

У Свабоднага прафсаюзу адбіраюць офіс

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)

На дзьверы офіса Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) 9 лістапада працадаўца ААТ «Полацак-Шкловалакно» павесіў свой замок. Доступ рабочых заводу да дакумэнтаў і абсталяваньня прафсаюзу цяпер перакрыты. Усе прапановы прафсаюзу аб працягваньні дамовы арэнды офіса адміністрацыя заводу адхіляе.

Яшчэ 24 жніўня галоўны інжынэр ААТ «Полацк-Шкловалакно», першы намесьнік дырэктара Раман Блізьнёў апавясьціў Свабодны прафсаюз Беларускі пра намер прадпрыемства не падаўжаць дамову і запатрабаваў вярнуць маёмасьць заводу ў дзень заканчэньня тэрміну дамовы, 31 кастрычніка.

Спадар Блізьнёў прыгразіў прафсаюзу судом: «Зьвяртаем Вашу ўвагу, што ў выпадку невяртаньня арандаванай маёмасьці ў вызначаны тэрмін ААТ «ПШВ» пакідае за сабой права на судовую абарону сваіх правоў», – сказана ў падпісаным ім лісьце.

У верасьні Свабодны прафсаюз працоўных заводу «Шкловалакно» зьвярнуўся да дырэктара Андрэя Бунакова з прапановай аб працягненьні дамовы наконт арэнды памяшканьня пад прафсаюзны офіс і правядзеньні перамоваў. Але завод ня стаў ані працягваць арэнду, ані весьці перамовы з рабочымі.

МЕРКАВАНЬНЕ БАКОЎ

У кастрычніку СПБ яшчэ раз прапанаваў адміністрацыі прадпрыемства заключыць дамову арэнды іншага, пустога памяшканьня. І зноў атрымаў адмову. Раман Блізьнёў паведаміў, што ААТ «ПШВ» «лічыць немэтазгодным здачу ў арэнду названага памяшканьня СПБ у сувязі зь неаднаразовымі парушэньнямі умоваў раней заключаных дамоваў, а таксама ў сувязі з прынятым ААТ «ПШВ» рашэньнем аб адчужэньні будынка».

Старшыня СПБ Мікола Шарах: «Прафсаюз ня мае запазычанасьці па аплаце арэнды памяшканьня, і адмова дырэктара Бунакова ў арэндзе памяшканьня для прафсаюзу – гэта відавочная перашкода дзейнасьці арганізацыі працоўных. Рабочым заводу перакрылі доступ да патрэбных дакумэнтаў і абсталяваньня прафсаюзу. Мяркуем, такім спосабам істотна парушаюцца правы працоўных на аб'яднаньне ў прафсаюз і дзейнасьць арганізацыі. На жаль, дзяржаўныя органы, пакліканыя народам абараняць правы працоўных, ніяк не рэагуюць на скаргі прафсаюзу. Думаю, толькі масавы выхад рабочых на пратэставыя акцыі можа спыніць бязьмежжа, што зьдзяйсьняецца чыноўнікамі ўсіх дзяржаўных узроўняў».

НЕКАЛЬКІ ФАКТАЎ ПРА ЗАВОД

Завод ААТ «Полацак-Шкловалакно» знаходзіцца на ўскраіне гораду Полацку пры выезьдзе на Вільню. На заводзе працуе каля 4000 работнікаў, суадносіны мужчын і жанчын: 50 на 50. На заводзе дзейнічае дзьве пяршоўкі розных прафсаюзаў – старога, савецкага тыпу Белхімпрафсаюзу (БХП) і новастворанага рабочымі ў 1999 годзе Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ).

У СПБ на ўліку стаяць 369 работнікаў, частка зь якіх ужо не працуе на заводзе (звольніліся, выйшлі на пэнсію і г.д.). Адміністрацыя заводу пад пагрозай звальненьня забараніла рабочым пералічваць прафсаюзныя ўнёскі праз бухгальтэрыю прадпрыемства. Старшыню СПБ не пускаюць на тэрыторыю прадпрыемства да працоўных месцаў сяброў прафсаюзу.

Усе рабочыя працуюць на часовых працоўных кантрактах, што спараджае няўпэўненасьць супрацоўнікаў у заўтрашнім дні.

На заводзе выкарыстоўваецца прымусовая праца ў выглядзе суботнікаў – неаплатная праца.

Каля 90% прадукцыі ідзе на экспарт у больш як 50 краін сьвету.

Аляксандар Марозаў