У сваёй скарзе Сяргей Палінаў выказаў меркаваньне, што дэкрэт №3 “Аб спрыяньні занятасьці насельніцтва” ўтрымлівае расплывістыя фармуліроўкі, і таму зацікаўленыя асобы могуць трактаваць ягоныя нормы двухсэнсава.
“Я – заняты ў эканоміцы…”
Мужчына тлумачыў у скарзе, што эканоміка – гэта сукупнасьць дачыненьняў, якія складваюцца ў сыстэме вытворчасьці, разьмеркаваньня, абмену і спажываньня. А значыцца, каб удзельнічаць у эканоміцы, дастаткова быць спажыўцом тавараў і паслугаў, плацельшчыкам дзяржаўных збораў і пошлінаў.
“Іншымі словамі, незалежна ад маёй працоўнай занятасьці, я зьяўляюся “занятым у эканоміцы”, таму што ўвесь час выплачваю ўскосныя падаткі пры куплі тавараў і паслугаў, пры карыстаньні мабільнай сувязьзю”, – гаворыцца ў скарзе.
Віцяблянін нагадаў таксама, што, згодна з арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, праца ў нашай краіне зьяўляецца правам, а не абавязкам грамадзяніна. І што прымус да працы магчымы толькі паводле судовага выраку альбо ў часы надзвычайнага і ваеннага становішча.
Не прадугледжвае Канстытуцыя і такога тэрміну, як “працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы”.
“Мне не зразумела, дзеля якой мэты ў дадзеным канкрэтным выпадку абмяжоўваецца маё права на выбар роду заняткаў, права не падвяргацца прымусовай працы і забароненай дыскрымінацыі паводле сэнсу частак 1 і 4 арт. 41 Канстытуцыі, арт. 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт.2 Канвэнцыі МАП 29 аб прымусовай і абавязковай працы”.
Сяргей Палінаў прасіў прызнаць дзеяньні Камісіі па спрыяньні занятасьці насельніцтва Кастрычніцкага раёну Віцебску неправамернымі і абавязаць камісію выключыць ягоныя пэрсанальныя дадзеныя са сьпісу працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы. Прапанаваў таксама хадайнічаць перад Вярхоўным Судом, каб той ва ўстаноўленым парадку зьвярнуўся ў Канстытуцыйны Суд аб прызнаньні часовага Дэкрэту ад 1 студзеня 2019 году неканстытуцыйным.
Гарвыканкам: Ня маем паўнамоцтваў…
Першы намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Валянцін Цьвяткоў у адказе на скаргу нагадвае, што, паводле Дэкрэту №3, збор і апрацоўка пэрсанальных дадзеных грамадзянаў ажыцьцяўляецца бязь іх пісьмовай згоды.
Паведамляе, што органы, упаўнаважаныя ўносіць прапановы аб праверцы канстытуцыйнасьці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны суд вызначаныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 08.01. 2014 №124-3 “Аб канстытуцыйным судаводзтве”.
“Гарвыканкам не надзелены паўнамоцтвамі па ацэнцы законнасьці нарматыўных актаў, выдадзеных Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, і ўнясеньня прапановаў аб праверцы іх канстытуцыйнасьці”, – піша Цьвяткоў.
“Вы маеце права падаць у камісію дакумэнты, якія пацьвярджаюць неправамернасьць уключэньня вашых пэрсанальных дадзеных у базу дадзеных працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы”, – гаворыцца ў адказе.
Сяргей Палінаў называе адказ на ягоную скаргу “адпіскай” і кажа, што ў выпадку, калі атрымае ў сакавіку “дармаедзкі рахунак”, будзе падаваць у суд.
Зьміцер Міраш