Старыя вясковыя могілкі, дзе ляжаць чатыры пакаленьні маёй радзіны, ды пустая дзедава хата ў вёсачцы Казлы абуджаюць успаміны і змушаюць задумацца над незайздросным лёсам беларускай вёскі і беларускага народу наогул. Гэтыя роздумы не дадаюць аптымізму, але ўсё ж не падаюцца марнымі.
У маіх дзеда па бацьку Петрака і бабулі Праскоўі было 12 дзяцей. Шасьцёра зь іх памерлі яшчэ ў маленстве, з розных прычын. Тры дачкі і тры сыны сталі дарослымі людзьмі, займелі сем'і, нарадзілі дзяцей. Дачка Наста і малодшы сын Аркадзь пражылі ўсё жыцьцё ў адной вёсцы з бацькам. Астатнія чацьвёра зьехалі: сыны Іван і Аляксандар атабарыліся па суседзтву – у раённым цэнтры; старэйшая Марыя, як тады казалі, “завербавалася” на некалькіх гадоў на востраў Шпіцбэрген, пасьля чаго займела маскоўскую прапіску; малодшая дачка Валянціна, пабраўшыся шлюбам, пераехала ў Віцебск, а ў канцы 1990-х зьехала на сталае жыхарства ў Менск.
Унукаў у дзядулі і бабулі было ўжо дзесяць, праўнукаў, якіх, на жаль, старыя не пабачылі, – аж сямнаццаць. Унукі, у адрозьненьні ад дзяцей, разьляцеліся ўжо па большай тэрыторыі, хаця зь Беларусі зьехаў толькі старэйшы, які пасьля службы на флёце ўладкаваўся міліцыянтам у Ленінградзе.
У праўнукаў арэал расьсяленьня пашырыўся ў разы. Адна праўнучка жыве ў Нямеччыне і мае ўжо двух дзетак. Другая пабралася з аўстрыйцам і ўжо таксама зь дзецьмі. Трэцяя нарадзілася ў Пецярбургу і жыве там. Чацьвёртая зьехала зь Віцебску ў Маскву і пабралася з расейцам; двое праўнукаў таксама працуюць у Маскве, старэйшы зь іх перавёз туды ўжо і сваю сям'ю. Глядзяць у бок Масквы і некаторыя з тых, што жывуць у Беларусі. Мяркую, што двое з маіх стрыечных пляменьніц у бліжэйшай пэрспэктыве таксама могуць зьехаць з краіны. Адну кліча Масква, а другая глядзіць у бок Нямеччыны, дзе добра ўладкавалася ейная сястра.
Натуральна, чалавек шукае, дзе лепей. Але ці можна толькі эканамічным чыньнікам патлумачыць няўрымсьлівае жаданьне маладых беларусаў зьехаць з Бацькаўшчыны?
Калі паглядзець на лёс майго дзеда Петрака, то толькі вайна некалькі разоў змусіла яго пакінуць родную вёску. Першы раз Сталін пагнаў яго на фінскую вайну – без увагі на тое, што бяз бацькі ўдома застаўся цэлы гурт дзятвы. Другі раз – у Другую сусьветную – той жа Сталін загадаў браць Кёнігсбэрг. Горад дзед ня ўзяў, але нагу сваю ў Прусіі згубіў. Нагу пасьля агнявіцы дзеду адрэзалі амаль цалкам, што, аднак, не перашкодзіла яму пабудаваць дом, які стаіць і дасюль, ды нарадзіць яшчэ адну дачку.
Далася ў знакі вайна і двум старэйшым сынам, якая аднаго зь іх змусіла працаваць у расейскай шахце ад 1944-га да сярэдзіны 1950-х, а другога пагнала ў 16 гадоў у тую ж Прусію за двума паўмяхамі збожжа. Як ён іх адтуль давёз дахаты – аднаму Богу вядома, але давёз. Пасьля службы ў Эстоніі ён пасьпеў яшчэ год папрацаваць на шахце разам з братам, але ўрэшце абодва вярнуліся на Радзіму. Дарэчы, тая самая шахта і зьвяла ў магілу старэйшага Івана ў 1961 годзе. Сёстры зьехалі зь вёскі ўжо ў пошуках лепшага жыцьця, вайна тут была ні пры чым.
Мы са стрыечнымі братамі і сёстрамі вырасьлі і пайшлі ў людзі ў адносна заможныя часы, пры Брэжневе і пасьля яго. На нашу міграцыю, як падаецца, у першую чаргу ўплывала ўжо адукацыя ці, дакладней, абавязковае разьмеркаваньне пасьля яе атрыманьня. Зь Беларусі, як я ўжо казаў, зьехаў толькі адзін з нас. Матывацыяй для майго брата стаў досьвед, атрыманы за часамі службы на флёце. Хаця, па вялікім рахунку, гэта было тое ж самае разьмеркаваньне: не па сваёй жа волі папёрся ён тры гады плаваць па салёнай вадзе.
Што тычыцца маіх пляменьнікаў, то прычынай іхняга ад’езду з краіны стала сацыяльна-эканамічная мадэль, пабудаваная за часамі Лукашэнкі. Частка сёньняшняй моладзі, сьвядома альбо неўсьвядомлена, не прымае карумпаваны, антыдэмакратычны, псэўдарынкавы і псэўдаправавы характар пабудаванай тут дзяржавы, якая не гарантуе моладзі аніякіх спадзеваў на заможнае жыцьцё ані цяпер, ані ў будучыні.
Трагедыя сёньняшняй моладзі палягае ў тым, што краінай кіруюць людзі, якія, паводле свайго сьветапогляду, гадоў як дваццаць мусілі б экспэрымэнтаваць з вырошчваньнем кавуноў і вырабам віна дзе-небудзь на сваіх лецішчах.
Жыцьцёвая лёгіка пераважнай большасьці беларусаў зразумелая: жыцьцё адно, яно хуткаплыннае, а з улікам таго, што перамены ў Беларусь заўсёды прыходзілі толькі звонку, то і губляць яго на барацьбу за сьветлую будучыню няма сэнсу. Ня бачаць яны сэнсу яшчэ і таму, што бацькі не давалі ім прыкладаў такой барацьбы, а кніжак пра сьвядомых беларусаў яны ніколі не чыталі. Таму кожны ўладкоўвае свой маленькі сьвет, спадзеючыся падмануць лёс і абставіны, спадзеючыся на лепшае. Толькі лепшае тое ўвесь час аддаляецца. Спачатку – у раённы цэнтар, затым – у абласны, далей – у Менск, потым – у Маскву ці ў далёкае замежжа. Пры сёньняшніх магчымасьцях міграцыйная геаграфія можа быць настолькі разнастайнай, наколькі дазваляе фантазія.
Толькі вось ці ёсьць гэты падсьвядомы сыход маладзёнаў з Бацькаўшчыны ў пошуках лепшай долі, сыход са сваёй рэальнасьці ў чужую, якой ніколі не ўсьвядоміць, тым прыватным выйсьцем, якое прынясе ім карысьць як сьвядомым асобам?..
С. Горкі