Аўторак, 06 Кастрычнік 2015

Прадпрымальнікі рыхтуюць папераджальны страйк

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Індывідуальныя прадпрымальнікі распрацавалі сьпіс патрабаваньняў да беларускіх уладаў і ўзгадняюць дату папераджальнай забастоўкі. Пра гэта распавяла лідэр прадпрымальніцкага руху зь Віцебску Ірына Яскевіч:

– Мы традыцыйна спынім працу на адзін дзень. Мы склалі пяць прапаноў для спрашчэньня працы ІП, напісаныя такім чынам, каб усім прадпрымальнікам Беларусі было зразумела, чаму мы закрываемся на адзін дзень. Цяпер мы ўзгадняем дату правядзеньня папераджальнай забастоўкі з прадпрымальнікамі зь іншых рэгіёнаў.

– Чаму вы наважыліся пайсьці на гэты крок?

– У нас паўстала ўжо чарговая па ліку крытычная сытуацыя: нават тыя прадпрымальнікі, якія выканалі ўсе няпростыя патрабаваньні ўладаў аб дакумэнтах на імпартныя тавары, зноў пастаўленыя перад фактам неабходнасьці распрадаваць рэшткі тавару. Таму што з 1 студзеня ўвойдуць у дзеяньне новыя патрабаваньні аб гігіенічных сэртыфікатах на тавар, і ўсё, што было завезена да гэтага, аўтаматычна ператвараецца ў «рэшткі».

Дый паводле старых патрабаваньняў да дакумэнтацыі на імпартны тавар у нас ёсьць шмат пытаньняў. І да тэрміналаў – асабліва наконт вяртаньня пакупнікам тавару, аплачанага праз тэрмінал, на якім мы губляем больш за 5% прыбытку. І да Фонду сацыяльнай абароны, куды мы плацім штомесячныя ўнёскі, нават калі не працуем па незалежных ад нас прычынах (напрыклад, чакаем устаноўкі таго ж тэрміналу, навязанага нам дзяржавай).

Таму мы і распрацавалі гэты сьпіс прапаноў. Ён уключае ў сябе 5 пунктаў:
– Спрасьціць пералік дакумэнтацыі пры гандлі імпартным таварам.
– Не павялічваць падвышальны каэфіцыент да адзінага падатку і ПДВ (вышэй 2 і 3 – адпаведна).
– Вызваліць ІП ад абавязковых штомесячных унёскаў у ФСАН, калі за нейкі пэрыяд праца не вялася з аб'ектыўных прычын (сэзоннасьць дзейнасьці, устаноўка тэрміналу, абсталёўваньне гандлёвага месца, сямейныя і асабістыя абставіны).
– Паменшыць арэндную плату, з улікам эканамічнага крызысу ў краіне і росту курсу эўра і даляру.
– Вызваліць ад абавязковай устаноўкі тэрміналаў тых прадпрымальнікаў, прыбытак якіх за месяц складае менш за 80 мільёнаў рублёў.

Плацяжы дзяржаве ад аднаго ІП, які займае ў гандлёвым цэнтры свае 6-8 квадратных мэтраў, ужо складаюць ад 3 да 8 мільёнаў штомесяц. А калі памножыць гэта на колькасьць месцаў нават у адным гандлёвым цэнтры аднаго гораду – сума будзе вялікай. Пры гэтым мы нічога не бярэм ад дзяржавы – толькі плацім. Таму мы патрабуем увагі да нашых праблем.

Мы адчуваем ціск з боку больш значных юрыдычных асоб, якія бачаць у нас канкурэнтаў. Але я хачу ім сказаць: ёсьць пэўная сацыяльная група насельніцтва ў Беларусі, якая можа дазволіць сабе купляць тавары толькі ў нас. А па-другое: калі айчынная лёгкая прамысловасьць ужо «ляжыць» – то што мы яшчэ можам «пакласьці»? Хіба што вайсковую прамысловасьць Беларусі.

Крыніца: Хартыя'97