Нядзеля, 18 Кастрычнік 2015

Праваабаронца Міхаіл Жамчужны застаўся бяз пэнсіі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

З-за бюракратычных затрымак і недасканаласьці беларускіх законаў праваабаронцу Міхаілу Жамчужнаму, што ўтрымліваецца ў Сьледчым ізалятары №2 Віцебску, не ўдаецца дамагчыся прызначэньня сацыяльнай пэнсіі, якая яму належыць па дасягненьні пэнсійнага ўзросту.

14 жніўня віцебскаму праваабаронцу споўнілася 60 гадоў, і згодна зь дзейным заканадаўствам ён мае права зьвярнуцца ў паўнамоцныя дзяржаўныя органы дзеля прызначэньня яму пэнсіі па дасягненьні старасьці. Каб скарыстацца з гэтага права, Міхаіл Жамчужны зьвярнуўся ў тэрытарыяльную ўправу сацыяльнай абароны адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. Аднак адказу з гэтай дзяржустановы ён не атрымаў. Гэтая акалічнасьць вымусіла Жамчужнага двойчы цягам жніўня-верасьня зьвярнуцца ў Камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму. Нарэшце, у пачатку кастрычніка праваабаронца атрымаў доўгачаканы адказ ад старшыні гэтага камітэту Аляксандра Хрыстафорава.

Чыноўнік паведаміў Жамчужнаму шакавальную вестку: ён ня зможа атрымаць пэнсію, што належыць яму паводле закону, як мінімум за тры месяцы, бо не была запушчаная працэдура яе афармленьня. Такім чынам, з-за бюракратычных затрымак і галавацяпства дзяржслужбоўцаў вязень пазбавіўся магчымасьці своечасова падаць заяву на афармленьне пэнсіі.

Дзеля абароны свайго права на сацыяльнае забесьпячэньне ў старасьці, гарантаванага Канстытуцыяй, Міхаіл Ігаравіч падаў заяву на імя кіраўніка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай. У заяве ён паставіў пытаньне пра выплату яму сацыяльнай пэнсіі ў сувязі з дасягненьнем пэнсійнага ўзросту.

Праваабаронца паведаміў міністру пра тое, што ён мае бесьперапынны працоўны стаж з 1972 году і ў цяперашні час знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі, што не дазваляе яму самастойна аформіць пэнсію. У гэтай справе ён ня можа спадзявацца на дапамогу сваякоў, бо іх ня мае. Зыходзячы з гэтых абставінаў, Жамчужны просіць Марыяну Акіндзінаўну, каб яму была налічаная пэнсія, і каб гэтую пэнсію пералічвалі на яго асабісты рахунак у тую папраўчую ўстанову, дзе ён будзе адбываць прызначанае судом пакараньне.

Віцебская вясна