Паборы з работнікаў розных прадпрыемстваў у Беларусі сталі звычайнай справай. Звычайна афармляюцца такія паборы як добраахвотныя ахвяраваньні, але ва ўмовах кантрактнай сыстэмы адмовіцца ад «добраахвотнага ахвяраваньня» працаўнік практычна ня можа. Пад ахвяраваньні маскіруецца і збор сродкаў для Фонду міру.
Што ж такое Фонд міру? Гэтая арганізацыя была створана ў СССР для гуманітарнай дапамогі тым краінам, у якіх камуністы і хаўрусьнікі Саюзу вялі войны: Ангола, Віетнам, Нікарагуа і г.д. Праўда, пад канец існаваньня СССР, калі ў камуністаў стала менш магчымасьцяў умешвацца ў замежныя канфлікты, фонд пераарыентаваўся на гуманітарную дапамогу ўнутры СССР. Прымусовыя зборы для арганізацыі былі звычайнай практыкай і за часамі Савецкага Саюзу. Прыкладам, праваслаўная царква была абавязаная пералічваць значную частку сваіх даходаў у гэты фонд. Дзякуючы гэтаму ў некаторыя гады даход фонду даходзіў да 7 мільярдаў даляраў.
Чым сёньня займаецца арганізацыя сказаць складана – мэдыі рэдка асьвятляюць іх мерапрыемствы, акрамя выпадкаў, калі да сьвятаў чыноўнікі ад імя фонду ўручаюць вэтэранам нейкія падарункі. Часьцей прыгадваюць пра фонд падчас выбараў, калі ад імя арганізацыі ў выбарчыя камісіі вылучаюць чыноўнікаў, і такім чынам квота грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў у камісіях займаецца людзьмі, якія ў камісіях выконваюць указаньні ўладаў.