Супрацьдзеяньне адміністрацыі заводу аб'яднаньню рабочых у Свабодны прафсаюз вядзецца пастаянна і сыстэмна. А пры новым дырэктару Мікалаю Бунакове стала і яшчэ больш жорсткім. Работнікаў прадпрыемства – сябраў Свабоднага прафсаюзу абмяжоўваюць у прасоўваньні па пасадзе, атрыманьні сумежнай спэцыяльнасьці, павышэньні разраду. На іх звальненьне ня трэба згоды прафсаюзу – у адрозьненьне ад чальцоў іншага, ляяльнага наймальніку, Белхімпрафсаюзу. Гэта зьяўляецца парушэньнем як беларускага заканадаўства, так і канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы.
Працяглы час наймальнік адмаўляецца весьці перамовы з СПБ, абгрунтоўваючы гэта адмовай прафсаюзу даваць сьпісы сябраў сваёй арганізацыі. Праз гэта рабочымі заводу было прынятае рашэньне пра пачатак страйку з патрабаваньнямі спыніць дыскрымінацыю. Страйк мусіў пачацца 1 лістапада і працягвацца да канца сьнежня.
Аднак дырэктар заводу накіраваў у суд заяву з патрабаваньнем прызнаць страйк незаконным. І адпаведнае рашэньне пра прызнаньне страйку незаконным было вынесенае 26 кастрычніка судзьдзёй Віцебскага абласнога суду Натальляй Хількевіч.
У судзе інтарэсы сябраў прафсаюзу прадстаўляў Мікола Шарах. Ён сказаў, што судом былі парушаныя нормы матэрыяльнага права. Падчас разгляду пазову таксама не дасьледаваныя ў поўнай меры прычыны, якія прывялі да страйку. Не былі дадзеныя прыватныя вызначэньні з нагоды парушэньня наймальнікам працоўнага кодэксу і дыскрымінацыйных пунктаў у калектыўнай дамове.
Старшыня пяршоўкі СПБ на ААТ «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў заявіў:
– Наш прафсаюз не падасьць наймальніку сьпісы чальцоў прафсаюзу, аж пакуль на прадпрыемстве ёсьць дыскрымінацыя паводле прафсаюзнай прыкметы. І мы ня лічым такую пазыцыю парушэньнем заканадаўства. Рабочыя заводу з нашага прафсаюзу прапаноўвалі ды прапаноўваюць і сягоньня наймальніку перамовы наконт зьмены калектыўнай дамовы дзеля ліквідацыі дыскрымінацыі. Да абвяшчэньня страйку наш прафсаюз зьвяртаўся ў розныя дзяржаўныя органы – пракуратуру, Дэпартамэнт па ахове працы, Міністэрства працы, галіновы канцэрн. Аднак ніводзін са зваротаў ня даў плёну. Забарона страйку толькі пацьвярджае, што дзяржава замінае дзейнасьці незалежных дэмакратычных прафсаюзаў. Прафсаюз абскардзіць гэтае рашэньне. І, калі ня будзе выніку, прапануем рабочым заводу правесьці працэдуру падрыхтоўкі і правядзеньня страйку яшчэ раз.
Паказальная пазыцыя старога савецкага прафсаюзу: на паседжаньні абласнога суду старшыня заводзкай пяршоўкі Белхімпрафсаюзу Тацяна Гурава выступала на баку наймальніка. Такімі дзеяньнямі Белхімпрафсаюз уносіць раскол у дзеяньні рабочых, накіраваныя на паляпшэньне ўмоваў іх працы на заводзе, – гэткую думку выказваюць актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага.
Аляксандар Марозаў