Субота, 09 Верасень 2017

Полацак: Прафсаюз заявіў пра пікетаваньне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пікет СПБ у Полацку Пікет СПБ у Полацку

Рабочыя ААТ «Полацак-Шкловалакно», арганізаваныя ў Свабодны прафсаюз (СПБ), накіравалі ў Полацкі райвыканкам заяву аб масавым мерапрыемстве. Сябры Свабоднага прафсаюзу маюць намер правесьці пікет салідарнасьці з арыштаванымі актывістамі прафсаюзу РЭП і супраць дыскрымінацыі працоўных заводу «Шкловалакно».

Пікет прафсаюзу заплянаваны на 16 верасьня ў цэнтральным раёне гораду Полацку. За правядзеньне ранейшага пікету ў красавіку 2016 году прафсаюзныя актывісты СПБ былі аштрафаваныя на 11 мільёнаў рублёў (550 $).

На пытаньне «Што будзе рабіць прафсаюз, калі гарадзкія ўлады забароняць правядзеньне прафсаюзнага пікету?» адказаў намесьнік старшыні Свабоднага Прафсаюза Беларускага (СПБ) Мікалай Шарах:

– Я мяркую, мы не павінны раскрываць нашы пляны да таго, як нешта зьдзейсьнім. Мы маем шмат мэтадаў узьдзеяньня на ўладу. Будзем выкарыстоўваць усе мэтады, дазволеныя заканадаўствам. Напрыклад, мы можам зьвярнуцца да эўрапейскіх структураў, якія супрацоўнічаюць з гарадзкімі ўладамі, прапануем ім спыніць гэтае супрацоўніцтва за парушэньне чыноўнікамі райвыканкаму фундамэнтальнага права работнікаў на мірныя сходы.

У заяве прафсаюзу СПБ, накіраванай гарадзкім уладам сказана: «У адпаведнасьці з заканадаўствам Беларусі (артыкулы 3 Канвэнцыі №87 аб свабодзе аб'яднаньняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы), дзяржаўныя ўлады ўстрымліваюцца ад усялякага ўмяшаньня, здольнага абмежаваць права прафсаюзу вольна арганізоўваць сваю дзейнасьць або перашкодзіць ажыцьцяўленьню гэтага права...»

Мэтай пікету прафсаюзу, прызначанага на 16 верасьня, ёсьць інфармаваньне палачан:

  • аб дыскрымінацыі працоўных заводу «Шкловалакно» за ўдзел у прафсаюзе;
  • аб парушэньнях дырэктарам Андрэем Бунаковым забавязаньняў па ўрадавым Генэральным пагадненьні.

Апроч гэтага, празь пікет сябры прафсаюзу зьбіраюцца выказаць салідарную падтрымку арыштаваным актывістам прафсаюзу Радыё-электроннай прамысловасьці (РЭП), запатрабаваўшы іх вызваленьня ад неправавога крымінальнага перасьледу.

Першасная арганізацыя СПБ работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно» актыўна праводзіць пікеты з 2004 году, калі сталі звальняць прафсаюзных актывістаў у Полацкім рэгіёне. Апошні дазволены пікет у Полацку СПБ правёў 7 кастрычніка 2010 году, у Міжнародны дзень дзеяньняў за годную працу. Пасьля гэтага дня ўсе масавыя мерапрыемствы Свабоднага прафсаюзу ў Полацку ладзіліся без дазволу гарадзкіх уладаў. Ужо некалькі разоў полацкіх прафсаюзных актывістаў затрымлівалі і накладвалі на іх адміністрацыйныя штрафы. У сакавіку 2017 году ў офісе СПБ у Полацку Сьледчы камітэт правёў ператрус па надуманых падставах. Аднак пяршоўка СПБ на «Шкловалакне» працягвае дзейнічаць, адстойваючы правы і інтарэсы працаўнікоў заводу.

Аляксандар Марозаў