Раней прадстаўнікі незалежнага прафсаюзу падалі скаргу на дзеяньні гарвыканкаму ў Віцебскі аблвыканкам. Але адтуль, як заявіў Іван Сьвятоха, прыйшла «чыстай вады адпіска».
«Адказ ні пра што, там лухта напісаная. Маўляў, гарвыканкам зрабіў правільна, бо наша арганізацыя павінна была ўзгадніць дадатковае пагадненьне зь дзяржпрафсаюзам. Напісалі таксама, што мы ўносім зьмены ў калектыўную дамову, хоць ніякіх зьменаў мы ня ўносілі! Карацей, поўная туфта, чыстай вады адпіска, - адзначыў суразмоўца. - Мы прытрымліваемся ранейшай пазыцыі: рэгістрацыю ў гарвыканкаме скасавалі неправамерна. Дадатковае пагадненьне, заключанае з наймальнікам, мы ўзгадняць зь Белхімпрафсаюзам не абавязаныя. Нідзе такога палажэньня няма!»
Калі адбудзецца судовае паседжаньне - пакуль не вядома. Але Іван Сьвятоха адзначае, што БНП будзе да канца змагацца за аднаўленьне справядлівасьці: «Праўда на ўсе 100% на нашым баку. Але як павернецца справа ў судзе… Мы ж ведаем, як у нас усё робіцца. Гэта не апошняя інстанцыя, ёсьць абласны і рэспубліканскі суды, ёсьць арбітраж, ёсьць Міжнародная арганізацыя працы. Мы пойдзем да канца, мы ня спынімся. Закрануты гонар прафсаюзу. Колькі можна нас нахіляць?!»
Крыніца: Прафсаюзны рух Беларусі