Скарга рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно» ў адміністрацыю прэзыдэнта на тое, што парушаецца ўказ аб сацыяльным партнэрстве, стала апошняй у чарадзе скаргаў у розныя дзяржаўныя інстанцыі. Кожная дзяржструктура адфутбольвала скаргі ў іншыя дзяржорганы і не разглядала іх па сутнасьці. Гарвыканкам адправіў рабочых у суд, полацкі суд прапанаваў распачаць калектыўную працоўную спрэчку. Пракуратура накіравала ў інспэкцыю працы, якая прапанавала рабочым самім дамагацца ад дырэктара выкананьня ўказу. Дырэктар заводу Качаноўскі катэгарычна адмовіўся ўступіць у калектыўную працоўную спрэчку з рабочымі, а полацкая інспэкцыя працы і пракуратура ня ўбачылі ў дзеяньнях дырэктара якога-небудзь парушэньня закону.
Старшыня аблвыканкаму адмовіўся ад сустрэчы з рабочымі
Скардзіліся рабочыя і ў віцебскі аблвыканкам, запісаліся на прыём да губернатара Аляксандру Косінцу і яго тагачаснаму намесьніку Ўладзімеру Навацкаму. Сустрэцца ўдалося толькі з намесьнікам – і атрымаць ад яго пісьмовы адказ, у якім ён прыгожа працытаваў Працоўны кодэкс: «…Згодна з часткай другой артыкулу 14 ПК дыскрымінацыйныя ўмовы калектыўнай дамовы зьяўляюцца несапраўднымі…». Вось толькі дзяржоргана, які б вызначыў норму калектыўнай дамовы як дыскрымінацыйную, у Беларусі не існуе. Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Косінец ад сустрэчы з рабочымі адмовіўся, сакратарка спаслалася на вычарпальныя адказы намесьніка.
Прэзыдэнт ня ў сілах пракантраляваць
У парушэньне ўказу прэзыдэнта ў ААТ «Полацак-Шкловалакно» рабочым адной і той жа прафэсіі паводле калектыўнай дамовы дадзеныя розныя сацыяльныя гарантыі на працоўнае месца – у залежнасьці ад членства ў прафсаюзе.
На скаргу працоўных адказаў намесьнік міністра працы Валер Кавалькоў – фактычна, ад імя прэзідэнта, бо яму даручылі адказаць з адміністрацыі прэзыдэнта. Адказ рабочым на трох старонках коратка можна агучыць адной фразай: прэзыдэнт ня можа кантраляваць выкананьне сваіх Указаў – такі сэнс вынікае з апошняга абзаца ліста. Пры гэтым усе тры старонкі адказу сьпісаныя цытаваньнем артыкулаў і пунктаў з законаў, указаў і пастаноў міністэрстваў і ведамстваў. Такія адказы характэрныя для ўсіх дзяржаўных чыноўнікаў: цытуй нормы законаў і пастаноў (копі-паст), і ня трэба ніякіх сваіх думак па сутнасьці, а выснову можна зрабіць зусім не лагічную – такую, як скажа начальнік.
Адказáў, пра што не пыталіся
Намесьнік міністра Кавалькоў піша: «Міністэрства, якое дзейнічае на падставе Палажэньня аб Міністэрстве працы,… ажыцьцяўляе кантроль (нагляд) за выкананьнем заканадаўства аб працы, і яму ня дадзенае права ўнясеньня зьменаў і дапаўненьняў у калектыўную дамову…». Рабочыя “Шкловалакна” зусім і не прасілі прэзыдэнта ўносіць зьмены ў калектыўную дамову – рабочыя прасілі: праверыць працу наймальніка, абавязаць дырэктара выконваць Указ ў поўным аб’ёме, унесьці прапановы аб адмене дзеяньня нормы калектыўнай дамовы, якая супярэчыць Указу і Працоўнаму кодэксу.
Трэба разьлічваць на ўласныя сілы
На ўсю гэтую цяганіну са скаргамі рабочыя «Шкловалакна» змарнавалі больш за год – са студзеня 2013 па красавік 2014 году. Выснова, якую могуць зрабіць рабочыя полацкага заводу: дамагаючыся сваіх інтарэсаў, працоўныя могуць разьлічваць толькі на ўласныя сілы. Суды, выканкамы, пракуратуры, інспэкцыі і міністэрства – не памагатыя рабочым у іх барацьбе за свае інтарэсы, у адстойваньні сваіх правоў на годныя зарплаты і належныя ўмовы працы. Напэўна, пакуль рабочыя ня ўспомняць, як арганізуюцца страйкі, дырэктары і начальнікі лічыцца зь імі ня стануць.